Літоўская Рэспубліка (літ.: Lietuvos Respublika) — літоўская нацыянальная дзяржава, якая існавала ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі; этап гісторыі літоўскай дзяржаўнасці, які ахоплівае перыяд з 1918 па 1940 год.
Пачаткам дзяржаўнасці стала абвяшчэнне незалежнасці і пераўтварэнне Каралеўства Літвы ў рэспубліку (2 лістапада 1918 года), заканчэннем — акупацыя Чырвонай Арміяй (15 чэрвеня 1940 года) і анэксія Савецкім Саюзам (3 жніўня 1940 года).
Геаграфія
Міжваенная Літоўская Рэспубліка за сваё кароткае жыццё некалькі разоў мяняла абрысы сваёй тэрыторыі. У выніку далучэння Сярэдняй Літвы да Польшчы ў 1922 годзе плошча дзяржавы склала 52 822 км². У выніку ўключэння ў 1923 годзе Клайпедскага краю плошчай 2 848 км² тэрыторыя краіны павялічылася да 55 670 км². Страта ў сакавіку 1939 года Клайпеды з яе далучэннем да Трэцяга рэйха былі хутка кампенсаваныя перадачай Літве ў канцы таго ж года Віленскага краю (частка Заходняй Беларусі), які адышоў пад кантроль СССР ад падзеленай па пакту Молатава-Рыбентропа Польшчы. Гэтыя мерапрыемствы павялічылі тэрыторыю дзяржавы на 6 880 км². Гэта азначала, што Літва ахоплівала тэрыторыю ў 59 702 км².
Працягласць межаў з асобнымі краінамі да сакавіка 1939 года складала:
Разам: 1457 км.
Працягласць межаў з асобнымі краінамі на канец 1939 года:
Разам: 1 320,5 км.
Адміністрацыйна Літва дзялілася на 20 паветаў. Клайпедскі край, утвораны ў 1923 годзе, дадаў яшчэ 3 паветы.
Насельніцтва
Першы ўсеагульны перапіс насельніцтва ў Літоўскай Рэспубліцы адбыўся 17 верасня 1923 года. Паводле перапісу ў тагачаснай Літве пражывала 2 мільёны 29 тысяч жыхароў, у тым ліку: літоўцы — 1 701 900 (83,9 % ад агульнай колькасці насельніцтва), яўрэі — 153 700 (7,6 %), палякі — 65 600 (3,2 %), рускія — 50 500 (2,5 %), немцы — 29 200 (1,4 %), латышы — 14300 (0,7 %) і іншых нацыянальнасцей — 13800 (0,7 %). Прыведзеныя даныя не цалкам адпавядалі праўдзе, што прызналі нават афіцыйныя ўлады. Паводле вайсковых спісаў з 1930-х гадоў літоўцы складалі 80,6 %, яўрэі — 7,1 %, немцы — 4,1 %, палякі — 3 %, рускія — 2,3 %, іншыя — 2,9 %. Цікава, што беларусы ў асобную нацыянальную групу перапісам не выдзяляліся.
Рэлігійны падзел у Літве ў сярэдзіне 1930-х гадоў:
Буйнейшыя гарады і іх насельніцтва (1937 год):
Эканоміка
Занятасць:
Структура землекарыстання:
- ворыва — 49,1 %
- лугі і пашы — 20,5 %
- лясы — 18,9 %
- сады — 0,7 %
- іншыя — 2,4 %
- пустка — 8,4 %
Транспарт
У міжваенны час усімі пытаннямі транспарту (дарожным, чыгуначным, рачным, марскім і паветраным) кіравала Міністэрства шляхоў зносін Літоўскай Рэспублікі.
У Літоўскай дзяржаве дарогі былі пераважна грунтавыя. У 1929 годзе працягласць дарог складала ўсяго 1 701 км, што давала паказчык на ўзроўні 3,1 км на 100 км² тэрыторыі краіны. У канцы 1920-х гадоў быў распрацаваны вялізны план змены гэтага становішча. Планавалася пабудаваць 3 000 км новых дарог, выдзяляючы на гэта 3-4 мільёны літаў у год. Недахоп сродкаў і часу прывялі да правалу гэтых планаў. Аднак варта адзначыць, што ў гэтай галіне ёсць пэўны прагрэс. У 1939 годзе Літва мела 44 470 км дарог, у тым ліку 1 881 км шашэйных, 12 700 км дарог з цвёрдым пакрыццём і 30 000 км грунтавых.
Толькі ў 1930-я гады ў Літве з'явіўся аўтобусны рух. У 1932 годзе было 362 аўтобусы ажно 55 марак і тыпаў. У 1934 годзе агульная працягласць аўтобусных маршрутаў складала 5 399 км.
Аўтамабільны рух быў у зачаткавым стане. У 1932 годзе ў Літве было зарэгістравана 1 271 легкавы аўтамабіль, 431 грузавік і 1 208 матацыклаў (без ваеннай тэхнікі). Да 1939 года гэта колькасць павялічылася да 4 492 (легкавыя і грузавыя аўтамабілі), 1 328 матацыклаў і 432 трактары. Гэтыя машыны маглі забяспечвацца палівам на 170 АЗС і 54 нафтабазах.
На момант стварэння дзяржавы чыгуначная сетка ў Літве была невялікай і нязручнай. У 1924 годзе ў Літве працягласць чыгуначных ліній стандартнай (еўрапейскай) каляіны складала 1 138 км, з якіх двухкалейнымі былі толькі Вірбаліс — Каўнас — Шаўляй (244 км) і Каўнас — Віевіс (63 км).
Дзякуючы праведзенай рабоце даўжыня ліній павольна павялічвалася. Так, у 1932 годзе агульная працягласць чыгуначных ліній стандартнай каляіны павялічылася да 1 189 км, а працягласць двухкалейных скарацілася да 229,5 км. У канцы 1930-х гадоў у Літве было 1 838 км стандартнай еўрапейскай каляіны. Хоць і павольны, але рост чыгуначных ліній суправаджаўся зніжэннем колькасці рухомага складу.
У канцы 1930-х гадоў на Літоўскай дзяржаўнай чыгунцы працавала 6 500 чалавек.
Да прыведзеных даных варта дадаць яшчэ і факт існавання вузкакалейкі, якая дасталася Літве ў спадчыну ад Расійскай Імперыі. У 1924 годзе агульная працягласць такіх ліній складала 614 км, з іх 583 км былі ў эксплуатацыі. У наступныя гады іх працягласць скарацілася да 507 км (422 км у эксплуатацыі), затым сітуацыя палепшылася і ў 1937 годзе даўжыня гэтых ліній павялічылася да 599 км.
Гл. таксама
Зноскі