Катастрофа ATR 72 пад Сан-Паўлу — буйная авіяцыйная катастрофа, якая адбылася ў пятніцу 9 жніўня 2024 года. Авіялайнер ATR 72-212A бразільскай авіякампаніі Voepass Linhas Aéreas здзяйсняў унутраны рэйс PTB2283 па маршруце Каскавел—Сан-Паўлу, але праз 1 гадзіну і 26 хвілін пасля ўзлёту, знаходзячыся на вышыні каля 5200 метраў, трапіў у плоскі штопар і сутыкнуўся з зямлёй у муніцыпалітэце Віньеду ў 76 кіламетрах ад аэрапорта Сан-Паўлу[2]. Загінулі 62 чалавекі — 58 пасажыраў і 4 члены экіпажа[3].
Гэтая першая авіякатастрофа пасажырскага самалёта ў краіне з часоў катастрофы Let L-410 ў Рэсіфі ў 2011 годзе і першая для авіякампаніі Voepass Linhas Aéreas з моманту яе заснавання ў 1995 годзе[4][5]. Таксама гэта самая буйная авіякатастрофа ў Бразіліі (па колькасці загінулых) пасля катастрофы A320 у Сан-Паўлу ў 2007 годзе[6].
ATR 72-212A (рэгістрацыйны нумар PS-VPB, серыйны 908) быў выпушчаны ў 2010 годзе (першы палёт здзейсніў 22 красавіка). Абсталяваны двума турбавінтавымі рухавікамі Pratt & Whitney Canada PW100[7][8].
Эксплуатаваўся авіякампаніямі Belle Air (з 28 чэрвеня 2010 года па 6 снежня 2013 года, змяніў у ёй тры бартавыя нумары — F-ORAB, I-LZAN і F-ORAI) і Pelita Air (з 29 снежня 2014 года па 10 чэрвеня 2022 года, борт PK-PAV, імя Dumai)[9][10].
28 жніўня 2022 года быў набыты авіякампаніяй Voepass Linhas Aéreas, у якой атрымаў б/н PS-VPB і імя Maritaca[11].
У салоне самалёта працавалі дзве бортправадніцы:
Усе 62 чалавекі на борце (58 пасажыраў і 4 члены экіпажа) былі бразільцамі[16]. Адна з пасажыраў, Грасінда Марына Кастэлу да Сілва (парт.: Gracinda Marina Castelo da Silva), таксама мела грамадзянства Партугаліі[17].
Рэйс PTB2283 ляцеў з Каскавела (штат Парана) у Сан-Паўлу[16]. Лайнер знік з радараў а 13:22[18] і, па словах пажарных, упаў на зямлю на тэрыторыі муніцыпалітэта Віньеду (штат Сан-Паўлу)[19] у 76 кіламетрах ад сталіцы штата[20].
У раёне катастрофы дзейнічала паведамленне SIGMET, якое папераджае аб небяспецы моцнага атмасфернага абледзянення паміж эшалонамі FL120 (3650 метраў) і FL210 (6400 метраў). Паводле папярэдніх даных, хуткасць зніжэння самалёта дасягнула 13 000 ф/хвіл (каля 238 км/г)[21][22]. Па паведамленні ВПС Бразіліі, пілоты не аб’яўлялі аварыйнай сітуацыі[23].
Лайнер упаў на тэрыторыі ахоўнага жылога комплексу, паведамленняў аб загінулых і параненых на зямлі не паступала[24]. У выніку падзення было пашкоджана некалькі дамоў[16]. У сацыяльных сетках шырока распаўсюджваліся відэаролікі, знятыя за некалькі секунд да падзення самалёта[16][20].
Бразільскі навінавы тэлеканал GloboNews перапыніў трансляцыю Алімпіяды ў Парыжы, каб трансляваць падзеі з раёна катастрофы[19][25][26].
Усе 62 чалавекі на борце лайнера (58 пасажыраў і 4 члены экіпажа) загінулі. Першапачаткова паведамлялася, што на борце быў 61 чалавек, але раніцай 10 жніўня авіякампанія пацвердзіла смерць яшчэ аднаго пасажыра, Канстанціну Тэ Мая (парт.: Constantino Thé Maia), які не быў улічаны з-за тэхнічнай памылкі пры пацверджанні рэгістрацыі і пасадкі[27]. Не менш за 10 чалавек не паспелі сесці ў самалёт, бо чакалі рэйса не ля таго выхаду ў аэрапорце Каскавел[16]. Большая частка целаў на месцы катастрофы абгарэлі, праз што апазнанне было абцяжаранае[28]. Відавочца заявіў, што 3 чалавекі вылецелі з самалёта і ўпалі на заднім двары[29].
Прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва, які знаходзіўся ў момант катастрофы на поўдні краіны, абвясціў хвіліну маўчання ў памяць аб загінулых[30]. Пазней у той жа дзень ён абвясціў аб трохдзённай нацыянальнай жалобе[19].
Расследаваннем прычын катастрофы рэйса PTB2283 заняўся Цэнтр расследвання і прадухілення авіцыйных здарэнняў (CENIPA)[7].
Кіраўнік CENIPA Марсклу Марэну заявіў у дзень катастрофы, што абодва бартавых самапісцы — параметрычны і маўленчы — былі знойдзеныя і знаходзяцца ў іх распараджэнні[31][32]. Целы загінулых былі перавезены ў інстытут судовай медыцыны ў Кампінасе для судовых разглядаў[16].