Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі, або Касцёл Перамянення Гасподняга — каталіцкі храм, помнік архітэктуры віленскага барока. Пабудаваны ў 1787 г. з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтка Ігнація Зрыні-Шырына. Размешчаны насупраць сядзібна-паркавага ансамбля на беразе р. Дзісна ў вёсцы Германавічы.
Мураваны касцёл у Германавічах у стылі віленскага барока быў збудаваны ў 1770—1787 гадах. З 1810 года касцёл стаў парафіяльным, у другой палове XIX стагоддзя парафія налічвала больш 3 тысяч вернікаў. У XIX стагоддзі расійскія ўлады знішчылі або перарабілі ў праваслаўныя цэрквы ўсе іншыя германавіцкія каталіцкія храмы і капліцы, пасля чаго храм Перамянення заставаўся адзіным каталіцкім храмам мястэчка.
У 1948 годзе храм зачынены, будынак прыстасаваны пад гаспадарчыя патрэбы. У 1988 годзе касцёл быў вернуты вернікам, 31 кастрычніка 1988 года ён быў паўторна асвячоны.
Помнік архітэктуры «віленскага барока». Храм падоўжанай сіметрычна-восевай ярусна нарастаючай кампазіцыі, якую фарміруюць прамавугольны ў плане неф i акруглая апсіда з нізкімі бакавымі сакрысціямі. Франтальны фасад вырашаны пластычнай архітэктурнай кулісай вертыкальна накіраванай кампазіцыяй. Ажурнасць i скульптурнасць 5-ярусных чацверыковых вежаў дасягаецца выкарыстаннем скразных лучковых i арачных праёмаў, круглых люкарнаў, вуглавых лапатак, увагнутымі гранямі верхніх ярусаў. Паміж вежамі размешчаны высокі фігурны шчыт з пілястравым порцікам. Пластычна насычаны галоўны фасад кантрастна спалучаецца з плоскаснымі сценамі асноўнага аб'ёму храма. У архітэктурным дэкоры выкарыстаны лучковыя сандрыкі, рустыка, фігурныя філёнгі, тонкапрафіляваныя карнізы. Уваход аформлены порцікам.
Унутры неф храма перакрыты цыліндрычным скляпеннем на папружных арках з люнетамі высока ўзнятых лучковых аконных праёмаў, пераходзіць у прастору 5-граннай алтарнай часткі. Па перыметры залы праходзіць прафіляваны антаблемент, дэкарыраваны ляпнымі выявамі галовак пуцці, раслінным арнаментам. Сцены расчлянёны канеліраванымі пілястрамі. Над вузкім нартэксам на 2 слупах, аркадзе i крыжовых скляпеннях узнесены выгнутыя дугой хоры, дэкарыраваныя канеліраванымі пілястрамі паміж якімі ракайльнае пано з ляпнымі выявамі музычных інструментаў. Убранне інтэр'ера дапаўняе арнаментальна-раслінная размалёўка верхняй часткі сцен i папружных арак.