Капліца-пахавальня Паўла Равы — каталіцкая капліца на Кальварыйскіх могілках Мінска, размешчаная злева ад касцёла Узвіжання Святога Крыжа, побач з мадэрнавай капліцай. Пабудавана ў 1855 годзе для біскуп-наміната Паўла Равы, пра што сведчыць металічная мемарыяльная пліта над уваходам.
Помнік архітэктуры позняга класіцызму (ампіру). Цагляная капліца вырашана прамавугольным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам. Фасад прарэзаны арачным уваходным праёмам, крапаваны пілястрамі і паўкалонкамі паміж імі, завершаны 4-ступеньчатым франтонам. Бакавыя плоскасныя фасады прарэзаны паўкруглымі люкарнамі. Зала перакрыта скляпеннем.