Нарадзіўся ў Дзвінску ў беларускай праваслаўнай сям’і. Бацька — Барыс Анупрэевіч, афіцэр арміі Расійская імперыі, паходзіў з сялян Полацкага павета. Маці — Стэфаніда Данілаўна з дому Брадоўскіх-Брадвінскіх, праваслаўная беларуска з сям’і чыгуначнікаў Полаччыны[2].
У 1908 годзе скончыў 2-е гарадское Дзвінскае 6-гадовае вучылішча, у тым жа годзе скончыў агульна-асветныя курсы пры прагімназіі Кацярыны Смірновай. У 1910 годзе вытрымаў экзамен у Грыве-Земгальскай (цяпер у межах Дзвінска) на настаўніка пачатковых школ[2]. У 1911—1913 гадах працаваў настаўнікам у Ліксне (Латгалія, цяпер у межах Латвіі)[1]. У 1913 годзе паступіў у віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, адначасова слухаў курс у Віцебскім настаўніцкім інстытуце, скончыў апошні ў 1916 годзе[2]. У 1913 годзе стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады[1].
У Першую сусветную вайну ў 1916 годзе скончыў Паўлаўскае ваеннае вучылішча, пакінуты ў ім малодшым афіцэрам. З 1917 года на Паўночным фронце. Праводзіў прабеларускую агітацыю сярод жаўнераў-беларусаў. Дэлегаваны воінамі-беларусамі на ўдзел у З’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту, які прайшоў у лістападзе 1917 года ў Віцебску, стаў сябрам прэзідыума з’езда, потым сябра Камітэта воінаў-беларусаў фронту. З’ездам абраны сябрам Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР). Па прыбыцці ў Менск у Цэнтральную беларускую вайсковую раду быў абраны намеснікам старшыні выканаўчага камітэта і сакратаром ваеннага аддзела ЦБВР. Удзельнік Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года ў Менску[1]. У студзені 1918 года за ўдзел у рабоце Усебеларускага з’езда і дзейнасць па стварэнні беларускіх вайсковых фармаванняў быў арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі Аблвыканкамзаха[1].
З 1921 года жыў у Рызе (Латвія), неўзабаве паводле дазволу ўрада БНР прыняў латвійскае грамадзянства. Займаўся грамадска-палітычнай і культурна-асветніцкай дзейнасцю сярод беларусаў. Удзельнічаў у арганізацыі Беларускага прэс-бюро. Арганізаваў таварыства «Бацькаўшчына», намеснік старшыні таварыства ў Латгаліі. Выдаваў часопісы «На чужыне», «Беларуская школа ў Латвіі», газету «Голас беларуса». Інспектар школ Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі. У 1923—1924 гадах быў дырэктарам Люцынскай беларускай гімназіі. У розныя гады быў арганізатарам і кіраўніком у Латвіі выдавецтва Таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства[1].
У 1924 годзе арыштаваны латвійскімі ўладамі і абвінавачаны ва ўдзеле «ў злачынным таварыстве ў Латгаліі, якое ставіла сабе на мэту сілаю адарваць ад Латвійскай дзяржавы тэрыторыю Дзвінскага, Рэжыцкага, Люцынскага і часткова Ілукштанскага паветаў і далучыць іх да Беларускай дзяржавы». Праз 11 месяцаў апраўданы і вызвалены з Дзвінскай турмы. Пазней яшчэ 3 разы арыштоўваўся (у 1930, 1933 і 1935)
У жніўні 1941 года ва ўмовах нямецкай акупацыі стварыў і ўзначаліў у Рызе Беларускі цэнтральны камітэт (у 1942 годзе пераўтвораны ў Беларускае нацыянальнае аб’яднанне), які займаўся аднаўленнем і арганізацыяй беларускіх школ у Латвіі.
У чэрвені 1944 года ў Менску на Другім Усебеларускім кангрэсе абраны ў склад пранямецкай Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), дзе ўзначаліў галоўнае ваеннае ўпраўленне, быў генеральным інспектарам Беларускага вызваленчага войска, якое фарміравалася на тэрыторыі Германіі. 1 жніўня 1944 года эвакуяваўся з Рыгі ў Берлін. Пасля рэарганізацыі БЦР у студзені 1945 года і ўтварэння Рады міністраў — міністр ваенных спраў.
26 красавіка 1944 года затрыманы савецкай контрвыведкай 1-га Украінскага фронту «СМЕРШ» у Германіі і перапраўлены ў Маскву. У лістападзе 1945 года пераведзены ў Мінск. У ходзе следства ў Мінску напісаў паказанні пра сваю дзейнасць (упершыню апублікаваныя ў часопісе «Полацак» 1992 № 6—10). Паводле афіцыйнай версіі, памёр у турэмнай бальніцы «ад сухотаў пры дыстрафіі 3-й ступені»[1].
Творчасць
Публікаваўся пад псеўданімамі і крыптанімамі: Кастусёнак; К-нак; К. Е.; К. Ез.
Канстанцін Езавітаў напісаў шэраг кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве, аўтар лірычных вершаў, укладальнік школьных дапаможнікаў. Меў багаты кнігазбор, падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы Максіма Багдановіча. Укладальнік біяграфічнага слоўніка дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, апекаваўся стварэннем архіва беларускага нацыянальна-вызваленчага руху[1].
Міхнюк У., Паўлаў Я. Канстанцін Езавітаў: матэрыялы да біяграфіі // Маладосць. 1995, № 1.
Чэмер А. [Анішчык А.]. Партрэты. Вільнюс, 2001.
Езавітаў Канстанцін Барысавіч // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995., Т. 6.