Нарадзіўся Канстанцін-Васіль Астрожскі ў Тураве, там правёў дзяцінства і юнацтва. Пасля смерці бацькі выхоўваўся маці — Аляксандрай Сямёнаўнай з роду князёў Алелькавічаў. У доме бацькоў князь Канстанцін атрымаў добрую адукацыю і выхаванне ў духу праваслаўя. Дасягнуўшы паўналецця, Канстанцін-Васіль ажаніўся з Сафіяй з Тарноўскіх, галіцкіх магнатаў і графаў. У 27 гадоў ён займаў пасаду старосты ўладзімірскага, у 32 гады стаў кіеўскім ваяводам.
З узростам князь стаў свядомым і глыбока перакананым прыхільнікам праваслаўя, быў сярод тых нямногіх магнатаў. Хоць афіцыйна вышэйшым ктытарам у Кіеўскай мітраполіі лічыўся кароль, на справе Астрожскі быў найбольш значнай асобай сярод міран у справе ўладкавання праваслаўнай царквы. Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія II, высока ацэньваючы пабожныя памкненні князя ў адносінах да Царквы, у сваіх граматах называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве на ўсіх паўднёва-заходніх землях Вялікага княства Літоўскага. У сваіх уладаннях Астрожскі заснаваў больш чым 600 цэркваў і 20 манастыроў, пры многіх з іх дзейнічалі шпіталі і школы.
Князь К. К. Астрожскі быў найбольш аўтарытэтным сярод абаронцаў Праваслаўнай царквы ва ўмовах падрыхтоўкі і заключэння Берасцейскай уніі. Пра сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай Рэчы Паспалітай ён неаднойчы заяўляў на сейме Польска-Літоўскай дзяржавы, звяртаўся з пасланнямі да караля, жыхароў Рэчы Паспалітай, да праваслаўных епіскапаў. Ён быў арганізатарам і актыўным удзельнікам праваслаўнага сабора 1596 г., які праходзіў у Брэсце адначасова з уніяцкім пад кіраўніцтвам Нікіфара Кантакузіна — пасланніка Канстанцінопальскага патрыярха. Пасля падпісання уніі князь працягваў барацьбу ў абарону правоў праваслаўных.
Памяць
У Мінску, побач з Петрапаўлаўскім саборам, стаіць памятны крыж надпісам: «Да 400-годдзя памяці дабравернага князя Канстанціна Васілія Астрожскага (1526—1608), славутага дзяржаўнага і царкоўнага дзеяча. 13/26 лютага 2008 года»
Ульяновський Василь. Князь Василь-Костянтин Острозький: історичний портрет у галереї предків та нащадків. — Київ: ВД «Простір», 2012. — 1370 с.: 40 іл.