Казімір Маўрыцый Шыман Скірмунт, у расійскай традыцыі Казімір Аляксандравіч Скірмунт (1824—1893) — каталіцкі дваранін-землеўласнік, расійскі архітэктар.
Са шляхецкага роду Скірмунтаў герба «Дуб». Сын прадпрымальніка і прамыслоўца Аляксандра Ізідара Скірмунта і Канстанцыі з Сулістроўскіх (1806—1845), дачкі мінскага губернатара Казіміра Сулістроўскага. Акрамя Казіміра ў сям’і было яшчэ 10 дзяцей: пяцёра сыноў і пяцёра дачок.
Казімір Скірмунт як уладальнік маёнтка Калоднае прадстаўляў Пінскі павет у Мінскім губернскім Камітэце паляпшэння сялянскага жыцця (1858), а пасля адмены прыгону ў 1861 г. актыўна працаваў як міравы пасрэднік.
Падчас паўстання 1863 г. ён пакінуў гэтую пасаду і адмовіўся падпісаць «адрас» на імя расійскага імператара, у якім мінская шляхта выказвала сваю адданасць расійскаму прастолу. Быў арыштаваны і змешчаны разам з іншымі былымі міравымі пасрэднікамі, якія таксама адмовіліся ад пасады, у будынку Мінскага шляхецкага схода, а потым высланы ў Кастраму. Як удзельніца паўстання была выслана ў Тамбоў і ягоная жонка, таленавіты скульптар Гелена Скірмунт (1827—1874). Маёнткі падвергліся прымусоваму продажу. Дачку Канстанцыю (1851—1934), якая стане вядомай грамадскай дзяячкай і публіцысткай, выхоўвала бабуля Гартэнзія Скірмунт з Ордаў.
Пасля вяртання са ссылкі ў 1867 г. Казімір, якому не дазволілі застацца на Міншчыне, атрымаў ад бацькі падарунак у выглядзе балаклаўскіх вінаграднікаў і паехаў у Крым. Гелена Скірмунт разам з дачкой Канстанцыяй далучыліся да яго праз два гады.
Пахаваны на старых каталіцкіх могілках у Пінску побач з жонкай і цешчай Гартэнзіяй Скірмунт з Ордаў.
У шлюбе з мастачкай Геленай Скірмунт (1827—1874) меў дзяцей[3]: