У 1770—1799 гадах працаваў пробашчам у Радзыміне. Супольнік уладальніцы Радзыміна Элеаноры, княжны Чартарыйскай. Быў дзеячам Народнай адукацыйнай камісіі, адказным Аддзела спраў школы і элементарных кніг. Кавалер ордэна Святога Станіслава.
Пахаваны ва ўніяцкай царкве ў Радзівонішках (Лідскі раён). Магіла не захавалася.
Навуковая дзейнасць
У 1769 выдаў у Вільні падручнік па логіцы («Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі», на польскай мове). Аўтар курса «Эклектычнай філасофіі» і рукапісаў на лацінскай мове. Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу «Ваенная навука прускага караля для яго генералаў» (1771). У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. Як член Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве. Член «Таварыства па складанні элементарных кніг», напісаў 2 раздзелы для школы «Статута парафіяльных школ» і настаўленне «Аб інспектаванні школ».
Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі. З'яўляўся прыхільнікам дэізму. Асновай разумення лічыў дакладнасць і відавочнасць ідэй, слушнасць прынцпаў метада Рэнэ Дэкарта.
У пачатку 1770-х гадоў Казімір Нарбут прапанаваў ідэю пра сацыяльную прыроду чалавека, якая была блізкай да ідэй Грэцыя і Лока. На думку Нарбута дзяржава — арганізацыя, створаная ў інтарэсах усіх разам і кожнага паасобку, пры гэтым натуральныя правы асобы мусяць быць незалежнымі ад дзяржавы, а асновай дзяржаўнага ладу павінны быць законы і дзейнасць, якая цалкам ім адпавядае.
Крытыкаваў сістэму адукацыі ў акадэміях і калегіумах ордэна езуітаў, выступаў за свецкую сістэму адукацыі. Апроч гэтага займаўся школьнай рэформай у Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле меркавання Нарбута адной з асноўных адукацыйных дысцыплін з'яўляецца свецкая этыка.
Творы
Logika, czyli rozważania i rozsadzania rzeczy nauka, Вільня, 1769, 3 выд., 1791
Nauka żołnierska króla pruskiego dla jego generałów dana — пераклад з французскай, 1771
Зноскі
Літаратура
На́рбут Казімір // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 516. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.