Нацыянальная зборная каманда Беларусі па хакеі з шайбай — каманда, якая прадстаўляе Беларусь на міжнародных турнірах па хакеі з шайбай. Першы матч правяла 7 лістапада 1992 года. Найлепшы вынік на чэмпіянатах свету — 6 месца ў 2006 годзе, на алімпіядах — 4-е месца ў 2002 годзе. У рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея займае 11-е месца.
Гісторыя
Пасля Алімпійскіх гульняў 1992 года, дзе ў хакейным турніры ўдзельнічала зборная СНД, былыя саюзныя рэспублікі пачалі ствараць свае нацыянальныя каманды. Зборная Расіі, як правапераемнік зборнай СССР, аўтаматычна атрымала месца ў групе «А» чэмпіянату свету, а ўсім астатнім камандам прыйшлося пачынаць з ніжэйшага дывізіёна — групы «С».
Шлях да вышэйшага дывізіёну
Зборная Беларусі свой першы матч правяла 7 лістапада 1992 года ў рамках кваліфікацыйнага турніру да чэмпіянату свету супраць зборнай Украіны і саступіла з лікам 1:4. У сярэдзіне 1990-х гадоў у ніжэйшых дывізіёнах чэмпіянату свету была высокая канкурэнцыя — вырашалі задачу павышэння ў класе шэраг моцных зборных новаўтвораных дзяржаў: Беларусь, Казахстан, Латвія, Славакія, Украіна. Першая спроба беларускай каманды выйсці ў дывізіён класам вышэй была няўдалай. У сакавіку 1994 года ў славацкім Попрадзе беларусы пацярпелі паражэнне ў вырашальным матчы з гаспадарамі з вынікам 1:2. Пуцёўку ў групу «Б» беларуская зборная зарабіла ў наступным годзе, калі абыйшла зборныя Казахстана і Украіны. На пераадоленне чарговай стадыі таксама спатрэбілася два гады. У 1996 годзе ў нідэрландскім Эйндхавене беларусы пацярпелі паражэнне двойчы ад зборных Латвіі і Вялікабрытаніі.
На Алімпіядзе 2002 года ў Солт-Лэйк-Сіці беларуская зборная пад кіраўніцтвам Уладзіміра Крыкунова дасягнула самага гучнага поспеху ў сваёй гісторыі. 20 лютага на лёдзе Уэст-Вэлі, дзякуючы шайбе Уладзіміра Копаця, яны здолелі абгуляць у чвэрцьфінале аднаго з фаварытаў турніру — зборную Швецыі, і выйсці ў паўфінал. Журналісты ахрысцілі тую сустрэчу «Цуд на лёдзе-2», паводле аналогіі з паўфіналам Алімпійскіх гульняў 1980 года[2].