Ежы Станіслаў Цеханавецкі (польск.: Feliks Ciechanowiecki; 4 красавіка 1893, Варшава — 6 красавіка 1930) — польскі дыпламат.
Паходзіў з магнацкага роду Цеханавецкіх герба «Дуброва». Нарадзіўся ў сям’і Уладзіслава Цеханавецкага.
З-за слабага здароўя ў дзяцінстве ён вучыўся дома пад кіраўніцтвам гувернанткі, потым пайшоў у школу ў Дрэздэне, скончыў элітны Імператарскі Аляксандраўскі ліцэй ў Пецярбургу ў 1914 годзе. Валодаў польскай, рускай, французскай, нямецкай, англійскай і італьянскай мовай. З 1916 года быў аташэ расійскага пасольства ў Лондане да яго ліквідацыі.
Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе валодаў больш як 13 тыс. гектараў зямлі. Апошні ўладальнік Бачэйкава.
У 1918 годзе пераехаў у Парыж і ўцягнуўся ў дзейнасць Польскага нацыянальнага камітэта ў якасці кіраўніка секцыі шыфраў пры генеральным сакратаре. З 1919 г. аташэ польскага пасольства ў Парыжы ў рангу легацыйнага сакратара 2-га класа, з 1923 г. — аташэ Заходняга аддзела МЗС, з лютага 1924 г. у рангу легацыйнага аташэ, са жніўня 1924 г. — легацыйнага тытулярнага сакратара 1-га класа, а ў ліпені 1924 г. прызначаны на пасаду сакратара 2-га класа ў Будапешце. Некалькі разоў выконваў функцыі часовага паверанага ў справах пасольства. Памёр ад сардэчнага прыступу ў гатэлі «Duna-Palota» ў Будапешце.