Дзмітрый Анцілеўскі (нар. 12 чэрвеня 1997, Мінск) — беларускі футбаліст, нападнік ізраільскага клуба «Хапаэль» з Хайфы і нацыянальнай зборнай Беларусі.
Выхаванец дзіцячай школы мінскага МТЗ-РІПА, пазней трапіў у структуру барысаўскага БАТЭ. З 2014 года пачаў выступаць за дубль, таксама ў 2014 і 2015 гадах выступаў за барысаўскі клуб у Юніёрскай лізе УЕФА.
З 2015 года пачаў прыцягвацца да асноўнай каманды. 29 лістапада 2015 года дэбютаваў у аснове БАТЭ ў матчы Кубка Беларусі супраць мікашэвіцкага «Граніта» (3:1), выйшаўшы на замену ў сярэдзіне другога тайма. У снежні 2015 года падпісаў новы кантракт з БАТЭ[3].
Пачатак сезона 2016 прапусціў з-за траўмы, пазней стаў выступаць за дубль, часам прыцягваўся да асноўнай каманды. З ліпеня па верасень 2016 года не гуляў з-за чарговай траўмы. Аднавіўшыся, 14 кастрычніка 2016 года дэбютаваў у Вышэйшай лізе, выйшаўшы на замену ў канцы матча супраць мікашэвіцкага «Граніта» (1:0). Пазней згуляў яшчэ ў некалькіх матчах за асноўную каманду, выходзячы на замену.
У сакавіку 2017 года быў аддадзены ў арэнду ў магілёўскі «Дняпро»[4]. У складзе магіляўчан стаў рэгулярна з’яўляцца на полі, у асноўным выходзячы на замену. У ліпені 2017 года арэнднае пагадненне, разлічанае на першую палову чэмпіянату, было падоўжана да канца сезона[5].
У студзені 2018 года па заканчэнні кантракта пакінуў БАТЭ[6] і стаў трэніравацца з «Мінскам». У сакавіку афіцыйна стаў іграком сталічнага клуба[7]. Стаў адным з лідараў каманды, у 16 матчах Вышэйшай лігі забіў 4 галы і аддаў 5 галявых перадач.
У жніўні 2018 года перайшоў у мінскае «Дынама»[8], дзе стаў часцей заставацца на лаўцы запасных. У пачатку 2019 года стаў часцей выхадзіць на поле, у тым ліку ў асноўным складзе, аднак з чэрвеня таў выступаць толькі за дубль, а ў ліпені выбыў з-за траўмы. У кастрычніку 2019 года па пагадненні бакоў пакінуў «Дынама»[9].
З лютага 2020 года знаходзіўся на праглядзе ў жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ» і ў сакавіку падпісаў кантракт[10]. Замацаваўся ў аснове, а з лета стаў трывала выхадзіць у стартавым складзе, забіў 7 галоў у чэмпіянаце Беларусі, чым дапамог камандзе заваяваць бронзавыя медалі. У студзені 2021 года падоўжыў пагадненне з жодзінскім клубам[11]. У сезоне 2021 з 6 галамі стаў найлепшым бамбардзірам каманды.
У снежні 2021 года, пакінуўшы жодзінскі клуб па заканчэнні кантракта, стаў іграком тбіліскага «Дынама»[12]. Дапамог тбіліскаму клубу па выніках сезона 2022 стаць чэмпіёнам Грузіі. У студзені 2023 года па пагадненні бакоў пакінуў «Дынама»[13].
У сакавіку 2023 года падпісаў кантракт з барысаўскім БАТЭ[14]. Пакінуў клуб у снежні 2023 года[15].
У студзені 2024 года стаў іграком ізраільскага «Хапаэля» з Хайфы[16].
У 2013—2015 гадах гуляў за юнацкую і юніёрскую зборныя Беларусі ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы.
26 сакавіка 2017 года дэбютаваў у моладзевай зборнай Беларусі, адгуляўшы другі тайм таварыскага матча супраць Латвіі (3:4).
У лістападзе 2020 года ўпершыню быў выкліканы ў нацыянальную зборную Беларусі. Дэбютаваў у зборнай 15 лістапада 2020 года ў матчы Лігі нацый супраць Літвы (2:0), выйшаўшы на замену ў канцы сустрэчы.