Глускі замак — драўлянае абарончае і адміністрацыйнае збудаванне XVI—XVII стагоддзяў на беразе Пцічы, у другой палове XVII стагоддзя перабудаванае ў бастыённы замак.
Драўляны замак
У пачатку XVI стагоддзя князь Юрый Гальшанскі-Дубровіцкі, які сабраў у сваёй уласнасці землі Глускай воласці, пабудаваў драўляны замак. Замак стаў цэнтрам новаўтворанага мястэчка Глуск-Дубровіцкі (цяпер Глуск). Умацаванні былі закладзены на месцы гарадзішча часоў Старажытнай Русі. Сістэма абароны асноўвалася на драўляна-земляных фартыфікацыях — вакол замак быў абведзены ровам і земляным валам, на якім стаялі сцены-гародні з бланкаваннем. Замак меў дзве драўляныя вежы, вежу-браму, а таксама невялікую фортку ў бок р. Пцічы.
Пасля спалення Глуска казакамі соймам Рэчы Паспалітай яму былі нададзены падатковыя льготы. У сваю чаргу Аляксандр Палубінскі пачаў узвядзенне на месцы былога драўлянага замка магутнай бастыённай фартэцыі. Паводле прывілея 1667 года на тэрыторыі фартэцыі было выдзелена месца для касцёла, кляштару і саду манахаў бернардзінцаў.
Сам бастыённы замак мог быць узведзены паміж 1670—1675 гадамі. Фартэцыя была збудавана ў традыцыях распаўсюджанай на той час у Рэчы Паспалітай старагаландскай школы фартыфікацыі: пяцігранны па форме ўнутраны двор акольвалі насыпаныя з пяску і гліны курціны і бастыёны. Яны ўзвышаліся на ўзровень 5—7 метраў над дваром і прыкрывалі абаронцаў ад артылерыйскага абстрэлу. З боку мястэчка ў курціне бліжэй да паўднёвага бастыёна была збудавана трохпавярховая мураваная вежа-брама, якая запіралася, акрамя варот з двух абабітых жалезам палотнішчаў, таксама каванымі герсамі і пад’ёмным мастом-узводам. Унутры замка знаходзіліся розныя гаспадарчыя і жылыя памяшканні, а таксама цэйхгаўз, збудаваны ў тэхніцы «прускага муру», і комплекс мураваных касцёла і кляштара бернардзінцаў. З боку Пцічы ў фартэцыю можна было патрапіць праз двухпавярховую Водную браму.
У 1690 годзе пасля смерці дачкі Аляксандра Палубінскага Ганны Марыі Глуск і бастыённы замак пераходзяць у валоданне да яе мужа Дамініка з нясвіжскіх Радзівілаў. Яго ўнук Альбрыхт Радзівіл (1717—1791) адзіны з Радзівілаў абраў Глуск для сталага пражывання. У 1784 годзе ён праз суд спрабаваў аспрэчыць права манахаў-бернардзінцаў на зямлю на тэрыторыі замка.
Пасля XVIII стагоддзя фартыфікацыя прыйшла ў заняпад.
Сучасны стан
У 1944 годзе на тэрыторыі замка быў узарваны бернардзінскі касцёл. Значныя пашкоджанні нанеслі будаўнічыя працы 1970-х гадоў.
У 1988 годзе на Глускай фартэцыі пачаліся археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Г. Сагановіча. У гэты ж час па ініцыятыве мясцовых уладаў на яго тэрыторыі пачалося будаўніцтва спартыўнага комплексу ўключна са стадыёнам і крытым фізкультурна-аздараўленчым комплексам, што прывяло да значнага пашкоджання помніка. Пачынаючы з 1996 года ініцыятыва ў даследаванні Глускага замка перайшла да археолага І. Ганецкай, якая планамерна займаецца вывучэннем гісторыі Глускага замка да сённяшняга часу.
Ірына Ганецкая. Характарыстыка крыніц па вывучэнні Глускага замка. // Castrum, urbis et bellum. Баранавічы, 2002.
Ірына Ганецкая. Вежа-брама Глускага замка па дадзеных археалогіі і пісьмовых крыніц. // Badania archeologiczne w Polsce północno-wschodniej i na zachodniej Białorusi w latach 2000—2001. Materiały z konferencji, Białystok 6-7 grudnia 2001 roku. Białystok. 2002
Ірына Ганецкая. Глускі замак (гісторыя аднаго помніка ў асобах) // Беларускі гістарычны часопіс № 9, 2006.