Віктар Афанасьевіч Ракаў (22 студзеня 1935, Целяшы, Слаўгарадскі раён — 2000) — беларускі паэт.
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Целяшоўскую СШ (1953), фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педінстытута (1958), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1971). Настаўнічаў у Целяшоўскай (1958—1960), Рэчкаўскай (1960—1965) сярэдніх школах на Магілёўшчыне. Працаваў карэспандэнтам-арганізатарам Магілёўскага раённага радыёвяшчання (1965), загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела шклоўскай раённай газеты «Ударны фронт» (1965—1969), літсупрацоўнікам газеты «Звязда» (1969—1975), рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса «Полымя» (1975—1982). У 1982-? гг. адказны сакратар часопіса «Полымя». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1979 г. Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца ў студэнцкія гады. Першы верш надрукаваў у газеце «Магілёўская праўда». Паэзія В. Ракава прысвечана вёсцы, бацькоўскай зямлі, сялянскай працы (зборнікі «Вернасць», «Акно ў зялёны сад»). Пісаў пра пераемнасць пакаленняў («Пазыўныя», «Песня і памяць», «І сноп, і птах, і я»), пра гераізм нашых людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, захапляўся прыгажосцю прыроды, кахання. Тэма любві да Радзімы, сыноўняй вернасці Магілёўшчыне, Прысожжу. Пісаў таксама нарысы, крытычныя артыкулы, рэцэнзіі.