Вялікі магістр Тэўтонскага ордэна — вышэйшая выканаўчая пасада ў Тэўтонскім ордэне. У яго кампетэнцыі знаходзілася ўнутраная палітыка: кіраванне тэрыторыямі, кадравая палітыка, кіраванне іншымі справамі ордэна, а таксама знешняя палітыка.
На гербе вялікага магістра намаляваны чорны крыж на сярэбраным фоне. Унутры размешчаны залаты крыж з лілеямі на вяршынях. У сярэдзіне крыжа знаходзіцца геральдычны шчыт з чорным арлом на залатым фоне.
Пасля смерці вялікага магістра яго намеснік — вялікі комтур ордэна — склікаў капітул, які складаўся з 12 членаў: 7 рыцараў, 4 сяржантаў (братоў без рыцарскага звання) і аднаго святара. Рашэнне прымалася большасцю галасоў. Выбары праходзілі на працягу трох месяцаў пасля смерці (ці адстаўкі) вялікага магістра.
Стварэнню рыцарскага ордэна папярэднічала шпітальнае брацтва, створанае для падтрымання нямецкіх пілігрымаў у палесцінскіх землях. Лічыцца, што заснавальнікі шпіталя аказвалі дапамогу параненым хрысціянам у Акры каля 1190 года. Звесткі пра гэты этап гісторыі ордэна не носяць цэласнага характару.
Месцазнаходжанне сталіцы Ордэна неаднаразова змянялася. Спіс вялікіх магістраў пабудаваны па храналагічных і геаграфічных крытэрыях.
Заснаваны ў 1198 на базе нямецкага шпіталя ордэн знаходзіўся пад вялікім уплывам «старэйшых» рыцарскіх ордэнаў: гаспітальераў і тампліераў. Галоўнае адрозненне ордэна ад згаданых брацтваў было ў нацыянальным прынцыпе. Калі ў старэйшых ордэнаў не было пэўнай нацыянальнай прыналежнасці (хоць галоўную ролю ў іх адыгрывалі франкамоўныя рыцары), Тэўтонскі ордэн першапачаткова пазіцыянаваў сябе як ордэн нямецкі.
Першыя вялікія магістры вядомыя мала, але імі была праведзена праца па стварэнні самастойнага Ордэна. Быў прыняты статут Ордэна і сфарміравана структура кіравання. Рэзідэнцыя магістраў Акра была апошнім горадам у руках крыжакоў у Святой зямлі. Яна размяшчалася каля мора на скрыжаванні гандлёвых шляхоў. У 1230 4-ы вялікі магістр Герман фон Зальца перанёс рэзідэнцыю ў замак Манфор.
Ордэн працягнуў сваё існаванне па-за межамі Прусіі пасля 1525 года, страціўшы былую сілу і ўплыў. Рэзідэнцыяй вярхоўнай улады ордэна стаў горад Мергентгайм. Вялікі магістр стаў называцца вялікі і нямецкі магістр (фармулёўка праіснавала да 1929 года), але кароткая назва вялікі магістр па-ранейшаму была ва ўжыванні. З-за аслаблення ордэна, у пошуках дадатковых рэсурсаў для існавання адбываецца збліжэнне ордэна з імператарамі Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пасля таго, як у 1590 годзе імператар Рудольф II фактычна прызначае на пасаду вялікага магістра свайго брата Максіміліяна III Аўстрыйскага, ордэн цалкам трапляе пад уплыў дынастыі Габсбургаў. Пасля гэтага аж да 1923 года Габсбургі кіравалі дзейнасцю ордэна або непасрэдна прызначаючы кіраваць ордэнам членаў сваёй сям'і, або прызначаючы сваіх набліжаных. Многія з вялікіх магістраў адначасова з гэтым займалі іншыя пасады ў Імперыі, галоўным чынам біскупаў. Ордэн прыняў актыўны ўдзел у Трыццацігадовай вайне (1618—1648).
У 1923 годзе ордэн страціў статус рыцарскага і стаў клерыкальным. У наш час Нямецкі ордэн, акрамя клерыкальнай, заняты таксама дабрачыннай, гаспадарчай і навуковай дзейнасцю.