Валерый Тарасенка (нар. 1 верасня 1981, Мінск) — беларускі футбаліст (абаронца) і трэнер.
Выхаванец мінскай школы «Змена», пазней трапіў у структуру барысаўскага БАТЭ. З 2001 года выступаў за дубль барысаўчан, а ў сезоне 2002 стаў прыцягвацца да асновы. 8 лістапада 2002 года стаў героем «залатога» матча паміж БАТЭ і гродзенскім «Нёманам» за тытул чэмпіёна Беларусі, калі ў дадатковы час забіў вырашальны мяч, тым самым прынёс БАТЭ чэмпіёнства.
Пасля сезона 2004 пакінуў барысаўскую каманду. З 2005 па 2011 гады выступаў за розныя клубы беларускай Вышэйшай лігі, пры гэтым нідзе не затрымліваўся больш чым на год. У 2008 годзе гуляў за «Табол», з якім стаў срэбраным прызёрам чэмпіянату Казахстана.
Улетку 2011 года трапіў у склад першалігавай «Гарадзеі», за якую гуляў на працягу некалькіх сезонаў. Па заканчэнні сезона 2014 пакінуў клуб[2].
У лютым 2015 года апынуўся ў мазырскай «Славіі», з якой у сакавіку 2015 года падпісаў кантракт[3]. Заняў месца асноўнага цэнтральнага абаронцы і стаў адным з лідараў мазырскага клуба. Па заканчэнні сезона, у лістападзе 2015 года, прыняў рашэнне завяршыць кар’еру[4].
Гуляў за моладзевую зборную Беларусі да 21 года. На моладзевым чэмпіянаце Еўропы ў Германіі 2004 прыняў удзел у двух матчах.
У лютым 2016 года стала вядома аб пераходзе Тарасенкі на трэнерскую працу ў юнацкую каманду БАТЭ[5], дзе ён працаваў на працягу трох гадоў.
У 2016 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры па спецыяльнасці «трэнер па футболе».
У студзені 2019 года ўвайшоў у трэнерскі штаб асноўнай каманды БАТЭ[6]. Пакінуў БАТЭ ў снежні 2019 года[7].
У студзені 2020 года стаў памочнікам Аляксея Багі ў вільнюскім «Жальгірысе»[8]. Разам з Багам пакінуў клуб у снежні 2020 года. Са студзеня па май 2021 года дапамагаў Багу ў казахстанскім «Актабэ». У верасні 2021 года ўвайшоў у трэнерскі штаб Багі ў салігорскім «Шахцёры»[9]. Пакінуў клуб разам з Багам у снежні 2021 года[10].
Са студзеня па верасень 2022 года быў асістэнтам Багі ў азербайджанскім «Сумгаіце». У снежні 2022 года зноў стаў памочнікам Багі ў салігорскім «Шахцёры»[11]. У снежні 2023 года разам з Багам пакінуў салігорскі клуб[12].