«Беларускім партызанам» — грамадзянска-патрыятычны верш-пасланне Янкі Купалы, завершаны 19 верасня 1941 года ў Падмаскоўі, недалёка ад Каломны, у Чарнарэцкім лясніцтве.[1] Упершыню надрукаваны ў рускім перакладзе М. Галоднага[1] ў газеце «Красная звезда» 28 верасня 1941 года. Адзін з самых вядомых у спадчыне песняра, верш даў назву пасмяротна выдадзенаму ў 1942 годзе зборніку Я. Купалы. Меў шырокі водгук у грамадстве і фактычна стаў партызанскім гімнам. У 1942 годзе ў Казані надрукаваны як улётка. Шмат разоў перадрукоўваўся ў ваенны час, быў улёткай і плакатам, перадаваўся па радыё. Першыя радкі былі пазыўнымі радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», якая вяла перадачы з Масквы. Аўтографы верша захоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[2]
Апісанне
Верш працягвае і развівае матывы купалаўскае публіцыстыкі савецкага часу. Патрыятычнае «я» паэта пашыраецца ў духу купалаўскай паэтычнай маштабнасці да абсягаў калектыўнага «я» народу, прамаўляецца ад імя народу і Радзімы. Стыль паэтычнай мітынговай прамовы, адозвы вызначаецца пераходамі ад закліку і праклёну да просьбы і заклінання, ад абурэння, гневу да пяшчоты і ласкавасці. Выразная страфічная будова з уласцівай ёй вылучанасцю заключнага радка, метрычныя і інтанацыйныя зрухі перадаюць перажыванне ад балючага відовішча фашысцкіх здзекаў да прадбачання светлых дзён адваяванае свабоды. Прамая экспрэсыя ацэначных і ўзмацняльных словаў дапаўняецца таўталогіяй, лексічнай кантраснасцю. Нярэдка гуказапісаная выразнасць набывае акрэсленую стылёвую функцыю праз гукаваю збліжанасць словаў і алітэрацыйную агучанасць радкоў.[2] Літаратуразнаўцы, у прыватнасці Галіна Тычка, адзначаюць, што ў вершы ёсць «нейкая невытлумачальная патаемная чароўнасць, той унутраны агонь, што захапляе чытача».[1]
Пераклады і мастацкія ўвасабленні
На англійскую мову верш пераклалі У. Мэй і В. Рыч, на асецінскую — А. Пухаеў, на балгарскую — Н. Антанаў, Н. Вылчаў, на венгерскую — А. Гідаш, на іспанскую — К. Шэрман, на грузінскую — А. Бегашвілі, Т. Джангулашвілі, на казахскую — Ж. Абдзірашаў, на кыргызскую — Ц. Уметаліеў, на латышскую — Ю. Ванаг, на літоўскую — П. Кейдошус, С. Нагінскас, на рускую — М. Берэнгдорф, М. Галодны, Н. Кіслік, В. Уладзіміраў, на таджыкскую — М. Фархат, на узбекскую — Міртэмір, М. Шэйхзадэ, на ўкраінскую — С. Крыжаноўскі, М. Цярэшчанка, на французскую — Ж. Гаш, на чэшскую — К. Беднарж[2].
Матывы і вобразы верша сустракаюцца ў вершах А. Вялюгіна «Стала песня славаю народа», К. Кірыенкі «Песня народа», У. Нядзведскага «Песня Купалы», у лірычным цыкла М. Лужаніна «Па дарогах Купалы» і інш.[2]
На музыку верш паклалі А. Багатыроў, Ул. Мулявін, П. Падкавыраў, Р. Пукст, М. Чуркін.[2]
Зноскі
Літаратура
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Беларускім партызанам (верш)» / Аўтар — В. Бечык. — C. 82.
Спасылкі
|
---|
Паэтычныя зборнікі | | |
---|
Паэмы | |
---|
Драматычныя творы | |
---|
Проза і навуковыя творы | |
---|
Спектаклі паводле твораў Янкі Купалы | |
---|
Фільмы паводле твораў Янкі Купалы | |
---|
Купалаўскія мясціны | |
---|
Помнікі | |
---|
Установы, падзеі і рэчы, звязаныя з імем Купалы | |
---|