Беларуская рада Случчыны, Рада Случчыны, Слуцкая беларуская рада — выканаўчы і распарадчы орган улады ў Слуцку і Слуцкім павеце з 16 лістапада 1920 года да 20 студзеня 1921 года.
Мела паўнамоцтвы часовага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) да склікання беларускага ўстаноўчага сойму і ўтварэння выбарнага органа, стала палітычным органам кіраўніцтва Слуцкім паўстаннем 1920. Абрана 14 лістапада 1920 года на Першым беларускім з’ездзе Случчыны ў складзе 17 сяброў: У. Пракулевіч (старшыня), Анастас Анцыповіч, Пётр Якубаў Бабарэка, Барысавец, Янка (Іван) Біруковіч, Улас Васільеў Дубіна, П. Жаўрыд, Каўпак, Ю. Лістапад, Іван Мацэллі, Анупры Няронскі, Арсен Паўлюкевіч, Рабы, Радзюк, Раковіч, Васіль Русак, Юльян Сасноўскі. Кандыдаты ў сябры Рады: Цімафей Мяшочак (Мяшэчак), Сяргей Нічыпараў Бусел, Аляксей Кабычкін, Рыгор Грынько, Павел Бань, Марк Асвяцімскі. На чале Рады стаў прэзідыум ці Выканаўчы орган Рады з 7 чал.: Пракулевіч, Жаўрыд, Паўлюкевіч, Русак, Біруковіч, Сасноўскі, Рабы[1].
З’езд даверыў ёй цывільную ўладу і даручыў арганізацыю беларускага нацыянальнага войска. У складзе Рады 8 беларускіх эсэраў (Пракулевіч, Русак і інш.), спачуваючыя ім (Лістапад і інш.), другая групоўка — прыхільнікі С. Булак-Балаховіча і П. Алексюка (Паўлюкевіч, Мацэллі і інш.), былі прадстаўнікі і нейтральных груповак. Нягледзячы на пэўныя ваганні, усе групоўкі згадзіліся ўзняць паўстанне за незалежнасць Беларусі, за інтарэсы сялян.
Рада распачала дзейнасць у перыяд, калі Слуцк і павет пакінулі польскія войскі пасля падпісання 12 кастрычніка 1920 года ў Рызе дагавора аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. Радзе падпарадкоўваліся ўсе наваствораныя дэмакратычным шляхам органы мясцовага кіраўніцтва — беларускі нацыянальны камітэты валасцей і вёсак, органы цывільнай адміністрацыі, а таксама беларуская народная міліцыя з добраахвотнікаў (500 чал. і 4500 рэзерву), якая падтрымлівала парадак у горадзе і павеце. Дзеля фарміравання войска як першачарговай справы створана «вайсковая тройка» з сяброў Рады Жаўрыда, капітана Анцыповіча і паручніка Мацэллі, якая выпрацавала адозву да моладзі, заклікаючы тых, каму дарагая Бацькаўшчына, запісвацца ў войска. Рада займалася і дыпламатычнай дзейнасцю. Заявіла «энергічны пратэст… Савецкаму ўраду на чале з Кнорыным» супраць намераў бальшавіцкіх войск заняць Слуцкі павет пасля адыходу польскіх войска. Абвясціла, што «перадасць сваю ўладу толькі ўраду, створанаму Усебеларускім кангрэсам 1917 года», заявіла таксама пратэст польскаму ўраду супраць перадачы Слуцкага павета ўладам БССР, звярнулася да дэмакратыі ўсяго свету з пратэстам супраць падзелу незалежнай БНР.
21 лістапада 1920 года выдала дэкларацыю, якая заклікала сялянства на барацьбу за «незалежную Беларусь у яе этнаграфічных граніцах» і за «інтарэсы сялянства». Пры падтрымцы сялянства і гараджан Рада за 3 дні сфарміравала з добраахвотнікаў 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе 2 палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Прызначыла камандаванне брыгадай, палкамі, займалася забеспячэннем войска зброяй і харчаваннем. 24 лістапада 1920 года польскія войскі пакінулі Слуцк, і да прыходу 29 лістапада 1920 года Чырвонай Арміі ўся ўлада ў горадзе і павеце належала Радзе і яе адміністрацыі. Перад прыходам бальшавіцкіх войск Рада загадала вайсковым часцям і міліцыі адысці на захад, у нейтральную зону ў мяст. Семежава, дзе знаходзіліся штаб 1-й Слуцкай брыгады і Рада. На пасяджэнні ў Семежаве прынята рашэнне не падпарадкоўвацца Булак-Балаховічу, не ўступаць у перагаворы з маскоўскім урадам, змагацца пад сцягам БНР, грунтуючыся на Трэцяй устаўнай грамаце 25 сакавіка 1918 года.
27 лістапада 1920 года пачаліся баявыя дзеянні слуцкіх паўстанцаў. 3 снежня 1920 года Рада прызначыла камандзірам 1-й Слуцкай брыгады штабс-капітана А. Сокал-Кутылоўскага і часова перадала яму дыктатарскія паўнамоцтвы. У сувязі з уваходам савецкіх войск і ў нейтральную зону (з дазволу польскай дэлегацыі ў Рызе) Рада і штаб брыгады перабазіраваліся ў в. Грыцэвічы, а з 20 снежня 1920 года ў в. Заастравечча каля р. Лань, за якой стаялі палякі. Пасля прыбыцця значных падмацаванняў і новага наступлення савецкіх войск у нейтральнай зоне і нават на тэрыторыі Польшчы, Рада 28 снежня 1920 года разам з 1-й Слуцкай брыгадай перайшла цераз р. Лань на польскі бок, дзе брыгада была раззброена і інтэрніравана. Перад адыходам 1-ы Слуцкі полк узнагароджаны Радай сцягам з надпісам: «Першы Слуцкі полк стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі». Рада Случчыны пераехала ў Баранавічы, дзе знаходзілася яшчэ месяц. 20 студзеня 1921 года частка сяброў на апошнім пасяджэнні прызнала сваім кіраўніком Булак-Балаховіча, частка выехала ў Вільню, частка засталася ў Баранавічах.
Зноскі
- ↑ Стужынская, Н. Беларускія матэрыялы ў фондах Рускага замежнага гістарычнага архіва // Вяртанне-6. Выяўленне, сумеснае выкарыстанне і вяртанне архіўных, бібліятэчных і музейных каштоўнасцей, якія захоўваюца ў замежных краінах. — Мн., 1999. — С. 307—308.
Літаратура
- Грыцкевіч, А. П. Беларуская рада Случчыны / А. П. Грыцкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 399.
- Змагар, А. Вызвольныя шляхі. — Кліўленд (ЗША): Выдавецтва Беларускага вызвольнага руху, 1965. — 63 с. — 41—44.
- Найдюк, Я., Касяк, І. Беларусь учора і сяння: Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі / Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны; Укл. Н. Дашкевіч; Паслясл. А. Грыцкевіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 414 с. — С. 181—183. — ISBN 5-343-01458-5.
- Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах / [укладальнік, падрыхтоўка тэкстаў, ілюстрацыяў, аўтары заўваг й каментарыяў, паказальнікі: А. Гесь, У. Ляхоўскі, У. Міхнюк; прадмова У. Ляхоўскага]. — Мн.: Медысонт, 2006. — 399 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі гістарычны агляд»; Матар’ялы да беларускай гісторыі). — ISBN 985-6530-37-7.