Белару́ская Саве́цкая Энцыклапе́дыя (БелСЭ) — універсальная энцыклапедыя на беларускай мове ў 12-ці тамах, выдадзеная ў Мінску (1969—1975) выдавецтвам «Беларуская савецкая энцыклапедыя». Першая беларускамоўная энцыклапедыя.
Энцыклапедыя з’яўляецца калектыўнай працай больш за 5 тысяч аўтараў, у ліку якіх 125 акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў АН БССР, АН СССР і галіновых акадэмій навук, 544 дактары навук і прафесары, 1650 кандыдатаў навук. Больш за 85 % аўтараў жылі і працавалі ў БССР.
Адзінаццаць тамоў утрымліваюць уласна артыкулы энцыклапедыі і дадатак (у 11-м томе), 12-ы том — тэматычны, прысвечаны БССР. Агульная колькасць артыкулаў — 34409, каля 40 % прысвечаны беларускай тэматыцы. З агульнай колькасці больш за 6 тысяч артыкулаў прысвечаны гісторыі, каля 10 тысяч — прыродазнаўчым навукам (у тым ліку, матэматыцы), каля 6,7 тысяч — геаграфіі, каля 6,8 тысяч — культуры, біяграфічных артыкулаў больш за 7 тысяч.
У 12-ці тамах змешчана 112 уклеяк каляровага друку (1554 ілюстрацыі, 172 карты), 215 чорна-белых уклеек (3002 ілюстрацыі), каля 8 тысяч ілюстрацый і 500 карт у тэксце.
Літаратура
Беларускія ўніверсальныя энцыклапедыі |
---|
|