Барок — мемарыяльны комплекс каля горада Глыбокае.
У 1964 годзе на месцы шматлікіх пахаванняў ваеннапалонных і мірнага насельніцтва быў створаны мемарыяльны комплекс «Барок». Першапачаткова комплекс складаўся з абеліска, скульптуры воіна і 27 агульных магіл з выявай зоркі на кожнай.
У 1993 годзе была распрацавана новая кампазіцыя мемарыяльнага комплексу. Аўтарам стаў мінскі скульптар В. Якавенка.
Мемарыяльны комплекс быў урачыста адкрыты 3 ліпеня 1994 года, у год 50-й гадавіны вызвалення Глыбоччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Сучасны мемарыяльны комплекс «Барок» прадстаўляе сабой суцэльны архітэктурна-скульптурны ансамбль.
Адкрываюць комплекс вароты ў выглядзе старонак расчыненай кнігі, на якіх напісаны словы: «Тут пахавана звыш 27 тысяч ваеннапалонных вязняў лагера смерці Беразвечча і каля 200 італьянскіх салдатаў, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941—1944 гадах». У алеі памяці размешчаны дзве скульптурныя кампазіцыі, якія ўвасабляюць ваеннапалонных і грамадзянскіх ахвяр вайны. Помнік ваеннапалонным уяўляе сабой трохкутны камень, з якога падае ў яму ўніз галавой схуднелае і змарнаванае цела вязня канцлагера, ногі якога апутаны калючым дротам.
Помнік грамадзянскім ахвярам вайны — гэта дзве стэлы вышынёй 5 м з шэрага бетону, якія злучае крыж з распяццем. На стэлах надпісы: «Людзі добрыя, памятайце, яны любілі жыццё, Радзіму і вас»; «Пусть с вами всегда будет Божья благодать». На помніку шыльда «Воінскае пахаванне № 2196».
Уздоўж алеі ляжаць 27 камянёў, на кожным з іх выбіта лічба 1000.