Член выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца». Выдаў сваім коштам зборнік «Беларускія песні з нотамі»[заўв 1] (1910), зборнік «Беларускія народныя песні з нотамі» (разам з А. Зязюлем, 1912), зборнікі паэзіі Я. Купалы «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Я. Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда.
У Вільні выдаў «Народны спеўнік» (1920), «Школьны спеўнік»[заўв 2] (1920), «Навука спеву»[заўв 3] (1923), «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925). У Вільні рыхтаваў «Канцэртны спеўнік»[заўв 4], «Аднагалосыя, двухгалосыя і харавыя канцэртныя спевы». Планаваў выданне вялікага музыка-этнаграфічнага зборніка беларускіх песень, запісаных ім у 1906—1920 гг. З 1925 года жыў у БССР. Падрыхтаваў да друку ў БССР зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні», зборнік фартэпіянных твораў рэвалюцыйнага зместу на тэксты беларускіх пісьменнікаў. Збіраў фальклор на Палессі і ў Падзвінні.
Аўтар артыкулаў у беларускім перыядычным друку. У часопісе «Наш край» апублікаваў артыкул «Праграма-інструкцыя для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (1925).
Арыштаваны ў 1933 годзе, памёр у лагеры.
У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Грыневічам.
Ацэнкі
Фалькларыстычную і музычна-прапагандысцкую дзейнасць Грыневіча высока ацанілі З. Бядуля[заўв 5], кампазітар і знавец беларускага меласу М. В. Анцаў.
Заўвагі
↑Песні, апублікаваныя ў зборніку, збіраў цягам 4 гадоў сам Грыневіч.
↑Музычны дапаможнік, цалкам заснаваны на нацыянальным песенным матэрыяле.
↑Падручнік для беларускіх пачатковых і сярэдніх школ.