Андрэй Кудравец (нар. 2 верасня 2003, Барысаў) — беларускі футбаліст, брамнік расійскага клуба «Дынама» з Масквы і нацыянальнай зборнай Беларусі.
Выхаванец ДЮСШ-2 горада Барысава, з канца 2019 года пачаў выступаць за дубль барысаўскага БАТЭ. Да сезона 2020 ужо рыхтаваўся разам з асноўнай камандай, трывала прыцягваўся да складу ў якасці рэзервовага брамніка, гуляў таксама за дубль. Дэбютаваў у асноўнай камандзе БАТЭ 29 жніўня 2020 года ў матчы Кубка Беларусі супраць мікашэвіцкага «Граніта» (5:0), калі выйшаў на замену ў другім тайме.
Сезон 2021 распачаў рэзервовым брамнікам барысаўчан, а 17 красавіка 2021 года дэбютаваў у Вышэйшай лізе пасля таго, як на размінцы перад сустрэчай з «Энергетыкам-БДУ» (2:1) траўму атрымаў асноўны брамнік БАТЭ Антон Чычкан. У далейшым у сезоне 2021 чаргаваўся ў браме з Чычканам, а ў 2022 годзе стаў асноўным брамнікам БАТЭ.
У красавіку 2023 года падоўжыў пагадненне з барысаўскім клубам да канца 2024 года[2]. У жніўні 2023 года перайшоў у маскоўскае «Дынама», падпісаўшы пяцігадовы кантракт, але пры гэтым застаўся ў БАТЭ да канца сезона 2023[3]. У снежні 2023 года пакінуў БАТЭ[4].
У кастрычніку 2019 года гуляў за юнацкую зборную Беларусі (да 17 гадоў) у кваліфікацыйным раўндзе чэмпіянату Еўропы.
У кастрычніку 2021 года гуляў за юніёрскую зборную Беларусі (да 19 гадоў) у кваліфікацыйным раўндзе чэмпіянату Еўропы.
21 верасня 2022 года дэбютаваў у моладзевай зборнай Беларусі, адгуляўшы ўсе 90 хвілін у таварыскім матчы супраць Расіі (1:6).
17 лістапада 2022 года дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі, адгуляўшы ўсе 90 хвілін у таварыскім матчы супраць Сірыі (1:0).