Аляксандр Чыж (нар. 10 лютага 1997, Бяроза) — беларускі футбаліст, абаронца дзяржынскага «Арсенала».
Выхаванец ДЮСШ горада Бярозы, з 2014 года пачаў выступаць за дубль мінскага «Дынама», дзе пазней замацаваўся ў аснове.
У студзені 2017 года падпісаў новы доўгатэрміновы кантракт з «Дынама»[4]. Да сезона 2017 рыхтаваўся разам з асноўнай камандай, але пачаў яго ў дублі. У маі трэнерам асноўнай каманды быў прызначаны Сяргей Гурэнка, які раней кіраваў рэзервовым складам, пасля чаго Чыж стаў прыцягвацца да асноўнага складу. 10 мая 2017 года дэбютаваў у Вышэйшай лізе, адгуляўшы ўвесь матч супраць «Мінска» (2:0) на пазіцыі цэнтральнага абаронцы.
У ліпені 2017 года быў аддадзены ў арэнду наваполацкаму «Нафтану» да канца сезона 2017[5]. У складзе «Нафтана» здолеў замацавацца ў асноўным складзе ў цэнтры абароны.
У студзені 2018 года вярнуўся ў «Дынама»[6]. У сезоне 2018 чаргаваў выступленні ў дублі і ў асноўнай камандзе, у кастрычніку не гуляў з-за траўмы. У 2019—2020 гадах гуляў пераважна за дубль, часам з’яўляўся ў асноўнай камандзе, пры гэтым шмат прапускаў з-за траўм.
У сакавіку 2021 года быў аддадзены ў арэнду дэбютанту казахстанскай Прэм’ер-лігі «Турану»[7]. Спачатку пераважна заставаўся на лаўцы запасных, а з лета замацаваўся ў стартавым складзе. У снежні 2021 года па заканчэнні кантракта пакінуў «Дынама»[8].
У студзені 2022 года падпісаў кантракт з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ»[9]. У студзені 2023 года падоўжыў кантракт з клубам[10]. У студзені 2024 года пакінуў Жодзіна[11] і неўзабаве стаў іграком мазырскай «Славіі»[12]. У ліпені 2024 года, пакінуўшы мазырскі клуб[13], перайшоў у дзяржынскі «Арсенал»[14].
У 2015 годзе гуляў за юніёрскую зборную Беларусі ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы.
25 сакавіка 2017 года дэбютаваў у моладзевай зборнай Беларусі, адгуляўшы ўсе 90 хвілін у таварыскім матчы супраць Літвы (2:1).