«Індыяна Джонс і апошні крыжовы паход» (англ.: Indiana Jones & The Last Crusade) — амерыканскі прыгодніцкі фільм, зняты ў 1989 годзе рэжысёрам Стывенам Спілбергам. Трэці фільм серыі фільмаў пра прыгоды археолага і шукальніка прыгодаў Індыяны Джонса ў выкананні Харысана Форда. Шаснаццаты поўнаметражны фільм, выпушчаны кампаніяй «Lucasfilm».
Па сюжэце карціны, дзеянне якой адбываецца ў 1938 годзе, Індыяна Джонс адпраўляецца на пошукі свайго зніклага бацькі, прафесара Генры Джонса—старэйшага, выкрадзенага нацыстамі, якія жадаюць займець Святы Грааль. Пасля змешаных водгукаў крытыкі і гледачоў на змрочную атмасферу карціны «Індыяна Джонс і храм лёсу» Спілберг вырашыў зняць больш «светлы» фільм. За пяць гадоў, якія прайшлі з моманту выхаду папярэдняй карціны, Спілберг і аўтар сюжэту Лукас перагледзелі мноства сцэнарыяў і спынілі выбар на варыянце Джэфры Боэма. Здымкі праходзілі ў Іспаніі, Італіі, Англіі, Турцыі і Іарданіі.
Прэм’ера фільма ў ЗША адбылася 24 мая 1989 года i суправаджалася, у асноўным, станоўчымі водгукамі. Касавыя зборы склалі 474 171 806 долараў, дзякуючы чаму карціна стала паспяховай ў касавым плане. Фільм выйграў прэмію «Оскар» у намінацыі «Лепшы мантаж гуку», а таксама быў удастоены іншых прэмій і намінацый.