Іван Цімафеевіч Бабаедаў (28 лютага 1925(1925-02-28), Бабаедава, Віцебская акруга — 28 лютага 2002(2002-02-28)) — беларускі мастак.
Нарадзіўся 28 лютага 1925 года ў в. Бобіна Бешанковіцкага раёна. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1944—1945 гадах ваяваў у складзе 71-й гвардзейскай стралковай дывізіі[1].
У1946—1948 гадах вучыўся ў Сімферопальскім мастацкім вучылішчы імя М. С. Самокіша, у 1952 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава, у 1976 годзе — мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. Вучыўся ў І. Сталярова, Ф. Гумена[1].
Выкладаў у 1952—1953 гадах малюнак і жывапіс у Віцебскім мастацка-графічным педагагічным вучылішчы, з 1968 года працаваў афарміцелем у мастацкай майстэрні г. п. Бешанковічы[1].
Член Саюза мастакоў Беларусі з 1981 года[1].
Працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Асноўнае месца ў творчасці належыць лірычным пейзажам, што намаляваныя з натуры, сярод якіх: «Сонечны дзень у лютым» (1950), «Зелянее вярба ў агародзе», «Пачатак мая» (1954), «Вечар на балоце» (1957), «Апошні снег у вёсцы Бабаедава» (1982), «Вячэрні лес» (1988), «Пахмурны лес», «Лес над ракой», «Леснічоўка», «Сасна» (усе 1989), «Восень у вёсцы», «Асеннія бярозы» (1994), «Квітнеючыя грушы», «Лес» (1998) і інш. Маляваў абразы для царквы, што ў в. Бабаедава Бешанковіцкага раёна («Апосталы Пётр і Павел», «Ілля прарок» (1954—1957 гг.) і інш. Жывапісныя палотны мастака вызначаюцца рэалістычнай манерай выканання, камернасцю, пластычнай стрыманасцю, эмацыянальнай выразнасцю вобраза[1].
Узнагароджаны двума баявымі ордэнамі і медалём «За адвагу». Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў (2002)[1].