24-я асобная механізаваная брыгада імя караля Данілы (укр.: 24-та окрема механізована бригада імені короля Данила) — фарміраванне (злучэнне, механізаваная брыгада) УС Украіны.
Была створана 1 верасня 2003 года на базе 24-й Жалезнай імя князя Данілы Галіцкага механізаванай дывізіі. 1 верасня 2006 года адбыліся імпрэзы па выпадку трэціх угодак утварэння брыгады[1]. Месца сталай дыслакацыі 24 АМБР — Явараў, Ільвоўская вобласць.
Умоўнае найменне — Вайсковая часць А0998.
Пасля распаду Савецкага Саюза 24-я мотастралковая дывізія УС СССР засталася па месцы дыслакацыі на тэрыторыі Прыкарпацкай вайсковай акругі. 18 лютага 1992 года асабовы склад дывізіі разам са сваім камандзірам палкоўнікам Чацвёравым Сяргеем Аляксеевічам прыняў прысягу на вернасць народу Украіны[2]. Так 24-я дывізія апынулася ў складзе Узброеных сіл Украіны. 19 красавіка 2001 года 24-ы Явараўскай механізаванай Жалезнай дывізіі Узброеных сіл Украіны указам № 268/2001 падпісаным прэзідэнтам Украіны Л. Кучмай было прысвоена ганаровае імянное найменне «імя князя Данілы Галіцкага» (укр.: 24 механізована Самара-Ульянівська Бердичівська Залізна ордэны Жовтневої Революції тричі орденів Червоного Прапора орденів Суворава і Багдана Хмельницького дивізія імені князя Даніла Галицького)[3].
У рамках аптымізацыі УСУ, рашэннем Урада Украіны 1 верасня 2003 года злучэнне было перафарматавана ў 24-ю Жалезную ія. князя Данілы Галіцкага асобную механізаваную брыгаду (24 АМБР) 13-га армейскага корпуса (Аператыўнае камандаванне «Захад») Сухапутных войскаў Узброеных Сіл Украіны. У 2004 годзе 24 АМБР была прызнана лепшай брыгадай у аператыўным камандаванні «Захад», а ў 2005 годзе Міністр абароны Украіны Анатоль Грыцэнка назваў брыгаду лепшым фарміраваннем Сухапутных войскаў Узброеных Сіл Украіны[4][5]. Ваяры брыгады бралі ўдзел у міратворчых місіях у Косава і Іраку, у камандна-штабных вучэннях «Артэрыя 2007», «Узаемадзеянне 2010», а таксама ў міжнародных вучэннях «Шчыт міра» ў рамках сумеснай праграмы Украіны і НАТА — «Партнёрства дзеля міру»[6]. Вайскоўцы брыгады неслі службу ў складзе 1-га асобнага адмысловага батальёна УСУ імя гетмана Пятра Сагайдакавага, які ў якасці нацыянальнага кантынгенту ўвайшоў у сумесны ўкраінска-польскі міратворчы батальён «Укрполбат» у складзе міжнароднага кантынгенту НАТО — «KFOR»[7]; месца дыслакацыі — амерыканская база «Bondsteel» у Косава[8].
У лістападзе 2014 у склад 24-й асобнай механізаванай брыгады ўвайшоў 8-ы батальён тэрытарыяльнай абароны Чарнавіцкай вобласці, які атрымаў новае найменне: 8-ы асобны мотапяхотны батальён. Як паведаміў камандзір батальёна, змен у структуры батальёна не адбылося[9].
Падчас узброенага канфлікту на ўсходзе Украіны у 2014 годзе на базе 24 АМБР былі ўтвораны некалькі «цяжкіх» батальённых тактычных груп, якія былі разгорнутыя ў раёне Славянска, Чырвонага Лімана, Краматорска і Лісічанска. Увесь задзейнічаны асабовы склад брыгады быў занесены ў спісы ўдзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі, якая праводзіцца СБУ Украіны у Данецкай і Луганскай абласцях з 14 красавіка 2014 года[10][11].
11 ліпеня 2014 года батальённа-тактычная група 24 АМБР падчас вылучэння на мяжу з Растоўскай вобласцю для ўзмацнення Паўднёвай армейскай групоўкі АТО, якая знаходзілася ў гэтым раёне, патрапіла пад абстрэл з рэактыўнай усталёўкі БМ-21 «Град» арміі ДНР поруч Зеленаполья ў 17 км да паўднёвага ўсходу ад горада Ровенькі, Свярдлоўскі раён, Луганская вобласць[12]. Са слоў афіцэра, які прысутнічаў на месцы бою, страты склалі 50 загінулых і 100 параненых вайскоўцаў[13]. Гэтыя дадзеныя распаўсюдзіла ўкраінскае навінавае агенцтва «УНИАН»[14]. Пасля абстрэлу батальённа-тактычная група 24 АМБР працягнула весці бой у асяроддзі[15][16][17]. Пазней, камандзір 24 АМБР палкоўнік Аляксандр Паўлюк быў адхілены ад камандавання брыгадай[18].
У ліпені 2014 года батальённа-тактычная група 24-й брыгады разам з 3 АБАН Нацыянальнай гвардыі Украіны «Данбас» удзельнічала ў баях за Лісічанск. Камандзір «Данбаса», ваюючы пад псеўданімам «Сямён Сяменчанка», высока ахарактарызаваў вайсковы дух і баявыя якасці вайскоўцаў 24 АМБР, выяўленых імі падчас баёў за горад, якія завяршыліся ўзніманнем сцяга Украіны над будынкам Лісічанскага гарсавета[19][20].
На канец ліпеня працягвала заставацца ў Паўднёвым катле, уся цяжкая тэхніка часці была знішчана[21].
Падчас баёў на ўсходзе Украіны асабовы склад 24 АМБР панёс страты. 19 чэрвеня 2014 года ў баях пад Ямпалем, Красналіманскі раён, і Закотным, Красналіманскі раён, у Данецкай вобласці, загінулі сем вайскоўцаў брыгады, уключаючы камандзіра 1-га механізаванага батальёна і камандзіра разведроты штабнога батальёна[22][23].
У сярэдзіне ліпеня 2014 года на Львоўшчыне прайшлі пахаванні вайскоўцаў брыгады, загінулых пад Зеленапольем на Данбасе; у Явараўскім раёне і па ўсёй Львоўскай вобласці была абвешчана жалоба[24][25][26].
Да 10 жніўня 2014 года ўсе тры батальёна брыгады былі разгромлены ў Паўднёвым Катле і раёне Саур-Магілы.[27]