Эстэрсу́нд (шведск.: Östersundⓘ[œstəˈʂɵnd]) — горад у цэнтральнай Швецыі, размешчаны на беразе пятага па велічыні возера ў Швецыі Стуршэн (шведск.: Storsjön), цэнтр аднайменнай камуны, а таксама правінцыі і лена Емтланд. Эстэрсунд — культурны і эканамічны цэнтр рэгіёна і традыцыйны цэнтр гандлю і камерцыі.
У горадзе размешчаны Цэнтральнашведскі ўніверсітэт, разлічаны прыблізна на 15000 студэнтаў у трох універсітэцкіх гарадках (2006/2007 гг).
З насельніцтвам у 58 914 чалавек (снежань 2008 года) Эстэрсунд займае 36 месца па колькасці насельніцтва ў Швецыі[1].
Агульныя звесткі
Эстэрсунд знаходзіцца ў цэнтры Скандынавіі, у цэнтры Швецыі, у цэнтры лена Емтланд і ў цэнтры камуны Эстэрсунд. У сутнасці сваёй Эстэрсунд з’яўляецца цэнтрам Швецыі[2][3].
У рамках сумеснага праекта муніцыпальных улад і гарадскіх прадпрымальнікаў Эстэрсунд пазіцыянуецца як Vinterstaden — Зімовы горад[4][5].
Вобласць вакол горада, званая Стуршэбюгдэн па імі возера Стуршэн, часта апісваецца як самы паўночны сельскагаспадарчы рэгіён у свеце ў кантынентальным клімаце[6].
Эстэрсунд быў заснаваны ў 1786 годзе як гандлёвая манаполія лена Емтланд. Мэтай стварэння горада было жаданне цэнтральных улад прымусіць мясцовых фермераў пастаўляць тавары пасроднікам у Эстэрсунд, а не напроста гандляваць з суседзямі. Аднак, гэта ініцыятыва не сустрэла падтрымкі насельніцтва, і Эстэрсунд заставаўся маленькім горадам аж да канца XIX стагоддзя[7], калі пабудова чыгункі дала штуршок да развіцця горада.
Горад быў прэтэндэнтам на правядзенне зімовых алімпійскіх гульняў 1994, 1998, 2002 і 2014 гадоў, але дагэтуль ніводная заяўка не апынулася паспяховай. Аднак, напачатку XX стагоддзя ў Эстэрсундзе з-за адсутнасці снега ў Стакгольме некалькі разоў праходзілі Нардычныя Гульні, званыя папярэднікамі зімовых алімпійскіх гульняў[8].