Цыбуля-парэй[1][2] — гародніна, культывар дзікага парэю (Allium ampeloprasum); двухгадовая[3] травяністая расліна, від рода Цыбуля (Allium) падсямейства Цыбулевыя (Alliaceae). Цыбулю-парэй можна разглядаць як групу сартоў[en], напрыклад, A. ampeloprasum[4]. Як ежа ўжываюцца зялёная, жоўтая і белая частка лістоў, а таксама карані[5].
Гістарычна для цыбулі-парэю выкарыстоўвалася шмат навуковых назваў, але цяпер усе яны разглядаюцца як сарты A. ampeloprasum[6].
У беларускую мову слова «парэй» прыйшло з нямецкага Porree (фр. poireau, іт. porro), якое ў сваю чаргу паходзіць ад лацінскага эпітэта porrum[7], бо доўгі час цыбуля-парэй пазначалася як Allium porrum L. Sp. Pl.: 295 (1753), nom. rej[8].
У англійскай мове цыбуля-парэй называецца leek, назва паходзіць ад старажытнаанглійскага слова lēac, ад якога таксама паходзіць сучасная англійская назва часнаку[9]. Lēac азначае «цыбуліна» на старажытнаанглійскай мове, якая роднасна мовам, што паходзяць ад старажытнаскандынаўскай мовы; дацкае løg, ісландскае laukur, нарвежскае løk і шведскае lök[10]. У нямецкай мове Lauch выкарыстоўваецца для пазначэння цыбулі-парэю, але ў галандскай look выкарыстоўваецца для ўсяго роду цыбуля Allium.
Радзіма — Пярэдняя Азія, адкуль цыбуля-парэй трапіла ў Міжземнамор’е, на тэрыторыі якіх і цяпер сустракаецца яе дзікарослая зыходная форма — дзікі парэй (Allium ampeloprasum). Культурны ж від, верагодна, развіўся з яе даўно, бо ў Старажытным Егіпце цыбуля-парэй ужо была адной з найважнейшых агародных раслін. Яна была вядома і ў антычныя часы ў Грэцыі і Рыме. У Сярэднія вякі яе вырошчвалі ўжо па ўсёй Еўропе. Малюнкі старых траўнікаў паказваюць, што ў раслін, якія вырошчваліся тады, цыбуліны былі выяўлены лепш, чым у сучасных формаў[11].
Вырошчваецца паўсюдна[12] — у Еўропе, у межземнаморскіх краінах і ў Паўночнай Амерыцы, найбольшую яго колькасць пастаўляе Заходняя Еўропа, у першую чаргу Францыя[11].
У Беларусі парэй вырошчваюць ва ўсіх зонах агародніцтва.
Цыбуліна пазбаўленая цыбулек або з нямногімі цыбулькамі.
Сцябло выходзіць з сярэдзіны цыбуліны.
Лісце лінейна-ланцэтнае, чахол з доўгім носікам.
Парасонік вялікі, шарападобны; калякветнік бялёсы або радзей ружаваты, са злёгку шурпатымі лісцікамі. Ніткі тычынак даўжэйшыя за калякветнік, унутраныя трохраздзельныя, з сярэдняй часткай у два разы карацейшай за аснову.
Цвіце ў чэрвені — ліпені. Плады паспяваюць у жніўні — верасні.
У першы год жыцця ўтварае магутную каранёвую сістэму, вялікую колькасць плоскіх доўгіх (40—60 см) лістоў, размешчаных веерам (чаргова), белую несапраўдную цыбуліну даўжынёй 10—12 см і дыяметрам 2—8 см, якая пераходзіць у светла-зялёнае несапраўднае сцябло вышынёй да 80 см. На другі год фарміруецца кветкавае сцябло (страла) вышынёй да 2 м і насенне. Кветкі ў парэю дробныя, ружовыя і бялёса-ружовыя, сабраныя ў суквецце — парасонік, спачатку закрыты чахлом. Апыленне перакрыжаванае. Насенне трохграннае, маршчыністае, вонкава нагадвае насенне рэпчатай цыбулі. Захоўваюць усходжасць два — чатыры гады.
Парэй — халадатрывалая культура. Дарослыя расліны пры іх акучванні і ўцяпленні торфам або апілкамі зімуюць ва ўмовах сярэдняй паласы, асабліва ў снежныя зімы. Патрабавальны да вільгаці, аддае перавагу суглінкавым, высокагумусным пойменным глебам. Цяжкія гліністыя і лёгкія пясчаныя глебы, а таксама пераўвільготненыя і кіслыя для парэю непрыдатныя.
Размнажаецца насеннем. У цэнтральных і паўночных раёнах выкарыстоўваюць расадачны метад. У паўднёвых раёнах пераважная безрасадачная культура (пасеў насення ў адкрыты грунт).
Найбольш небяспечны шкоднік — цыбулевая муха.
Расліна адрозніваецца высокім утрыманнем соляў калію, кальцыю, жалеза, фосфару, серы, магнію. У расліне маецца эфірны алей, у склад якога ўваходзяць сера, бялковыя рэчывы, вітаміны — аскарбінавая і нікацінавая кіслоты, тыямін, рыбафлавін, каратын.
Парэй валодае каштоўнай уласцівасцю, якой не валодаюць ніякія іншыя агародныя культуры: пры захоўванні колькасць аскарбінавай кіслаты ў адбеленай частцы павялічваецца больш чым у паўтара разы.
Яшчэ старажытныя егіпцяне, грэкі і рымляне ведалі цыбулю-парэй як харчовую расліну. У рымлян яна лічылася ежай багацеяў. Рымскі імператар Нерон ужываў яе ў вялікіх колькасцях, імкнучыся захаваць голас для казання доўгіх прамоў: яго называлі «той, хто харчуецца парэем». Апіцый рэкамендаваў ужываць зялёныя часткі цыбулі-парэю ў якасці салаты, а бескаляровыя варыць або выкарыстоўваць як прыправу да некаторых страў[11].
У Сярэдневякоўе парэй таксама карыстаўся вялікай папулярнасцю. Аднак у сярэдзіне XX стагоддзя ў Беларусі мала ведалі пра гэтую агародную культуру.[крыніца?] Сёння па папулярнасці парэй саступае толькі часнаку і рэпчатай цыбулі. Як ежу ўжываюць патоўшчаныя асновы лістоў, якія ўтвараюць тоўстае несапраўднае сцябло.
Белая далікатная ножка (несапраўднае сцябло) і маладыя лісты цыбулі-парэю характарызуюцца прыемным слабавострым смакам (больш тонкім, чым у рэпчатай цыбулі), надаюць своеасаблівы водар кулінарным вырабам. Цыбуліны парэю з адбеленым сцяблом ужываюць у сырым, вараным (тушаным) выглядзе як гарнір да мясных і рыбных страў, прыправу для супаў. Выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі салатаў, соусаў, у кансервавай і харчаканцэнтратнай прамысловасці.
Цыбуля-парэй мае мяккі цыбульны смак. У сырым выглядзе гародніна храбусткая і цвёрдая. Ядомай часткай цыбулі-парэю з’яўляецца белая аснова лісця (над каранямі і асновай сцябла), светла-зялёная частка і, у меншай ступені, цёмна-зялёная частка лісця. Цёмна-зялёную частку звычайна выкідваюць, таму што яна мае жорсткую тэкстуру, але яе можна смажыць або часцей дадаваць у булён для водару[13]. Некалькі лістоў часам звязваюць шпагатам і іншымі травамі, каб сфармаваць букет гарні.
Цыбулю-парэй звычайна наразаюць лустачкамі таўшчынёй 5-10 мм. Лустачкі маюць тэндэнцыю распадацца з-за пластовай структуры цыбулі-парэю. Розныя спосабы прыгатавання гародніны:
Цыбуля-парэй з’яўляецца інгрэдыентам супаў кокі-лікі[en] і вішысуаз[en], а таксама супа з цыбулі-парэю[en].
З-за яе сімволікі ва Уэльсе яна шырока выкарыстоўваецца ў кухні гэтай краіны. У іншых месцах Вялікабрытаніі цыбуля-парэй вярнулася ў моду толькі ў апошнія 50 гадоў, хоць і на працягу некалькіх стагоддзяў яе ігнаравалі[15].
Кефцікас дэ Праса, або піражкі з цыбуляй-парэем, з’яўляюцца адным з асноўных прадуктаў сефардскай яўрэйскай кухні[en] і падаюцца на такія святы, як Рош Ха-Шана і Песах.
У турэцкай кухні цыбулю-парэй наразаюць тоўстымі лустачкамі, затым вараць, аддзяляюць ад лісця і, нарэшце, заліваюць начынкай, якая звычайна ўтрымлівае рыс, травы (звычайна пятрушку і кроп), цыбулю і чорны перац. Для сармы з аліўкавым алеем[16] дадаюць парэчкі, кедравыя арэшкі і карыцу, а для сармы з мясам у начынку дадаюць мясны фарш[17]. У Турцыі з цыбулі-парэю таксама гатуюць: zeytinyağlı pırasa (парэй з аліўкавым алеем), ekşili pırasa (кіслы парэй), etli pırasa (парэй з мясам), pırasa musakka (парэй musakka), pırasalı börek (börek з цыбулей-парэем) і pırasa köftesi (катлеты з цыбулі-парэю).
Лекавае дзеянне парэю было вядома яшчэ ў далёкім мінулым. Яе рэкамендавалі ўжываць хворым падаграю, рэўматызмам, цынгой, пры мочакаменнай хваробе і атлусценні, псіхічным і фізічным ператамленні. Дзякуючы вялікай колькасці соляў калія парэй дэманструе яўнае мачагоннае дзеянне, карысны пры атлусценні, рэўматызме, падагры. У клінічных даследаваннях паказана, што парэй павышае сакраторную функцыю залоз стрававальнага тракта, паляпшае дзейнасць печані, павышае апетыт, мае антысклератычныя ўласцівасці. Сыры парэй супрацьпаказаны пры запаленчых захворваннях страўніка і дванаццаціперснай кішкі.
Цыбуля-парэй з’яўляецца адным з нацыянальных сімвалаў Уэльса. Паводле легенды, у VI стагоддзі біскуп і асветнік Давід Валійскі падчас бітвы супраць саксаў, якая адбывалася на цыбульным полі, заклікаў сваіх салдат прымацаваць да шлемаў цыбулю-парэй, каб адрозніць сваіх таварышаў ад ворагаў. Таму штогод 1 сакавіка жыхары Уэльса адзначаюць нацыянальнае свята — Дзень святога Давіда.
У Вялікабрытаніі існуе «Таварыства аматараў парэю», члены якога абмяркоўваюць тонкасці вырошчвання гэтай культуры і абменьваюцца рэцэптамі страў.
Цыбуля-парэй — сімвал вакалоіда (галасавой гераіні з серыі Vocaloid2 Character Vocal Series) Хацунэ Міку. Вобраз Хацунэ Міку стаў папулярным пасля таго, як быў выкарыстаны ў відэароліку фінскай песні Ievan Polkka (у роліку ў такт песні Міку махала цыбуляй-парэем).
У казцы Джані Радары «Прыгоды Чыпаліна» (1951) у агародніка Цыбулі Парэю (італ.: Pirro Porro) былі доўгія вусы, канцы якіх жонка агародніка прывязвала да цвікоў на балконе і вешала на іх бялізну.
Від Цыбуля-парэй уваходзіць у род Цыбуля (Allium) сямейства Амарылісавыя (Amaryllidaceae) атраду Спаржакветныя (Asparagales).
як Allium porrum L. Sp. Pl.:
як Allium ampeloprasum var. porrum: