Уільям Парсанс, 3-і граф Рос (англ.: William Parsons, 3rd Earl of Rosse; 1800—1867) — брытанска-ірландскі астраном і грамадскі дзеяч, вядомы як стваральнік шэрагу магутных тэлескопаў-рэфлектараў, найбуйнейшы з якіх — 72-цалевы «Левіяфан», пабудаваны ў 1845 годзе, заставаўся найбуйнейшым тэлескопам свету да пачатку XX стагоддзя[7]. З 1807 па 1841 гады насіў тытул «барон Оксментаўн».
На працягу ўсяго жыцця Уільям Парсанс актыўна займаўся астраноміяй і тэлескопабудаваннем, з 1824 года ён быў членам Каралеўскага астранамічнага таварыства. У 1840-х гадах ён пабудаваў тэлескоп з дыяметрам люстэрка 72 цалі (1.83 метра), які за свой памер атрымаў неафіцыйную назву «Левіяфан»(англ.) (бел., пастаўлены ў замку Бір, графства Офалі. Будаўніцтва «Левіяфана» было распачата ў 1845 годзе і працягвалася да 1847 года. «Левіяфан» заставаўся найбуйнейшым тэлескопам у свеце да пачатку 20 стагоддзя. Тэлескоп лорда Роса лічыўся цудам тэхнікі, яго выявы шырока распаўсюджваліся на тэрыторыі Брытанскай імперыі. Выкарыстоўваючы гэты тэлескоп для назіранняў, Уільям Парсанс правёў каталагізацыю вялікай колькасці галактык.
У час назіранняў Парсанс выявіў спіральную прыроду некаторых туманнасцей, вядомых сёння як спіральныя галактыкі. у прыватнасці, ён першым выявіў спіральную структуру галактыкі М51, пазней якая атрымала назва «Вір», яго малюнкі нагадваюць сучасныя фатаграфіі гэтай галактыкі.
Адной з галоўных задач даследаванняў Парсанса было аспрэчанне небулярнай гіпотэзы, паводле якой планеты і зоркі сфарміраваліся з газавых туманнасцей пад дзеяннем сілы гравітацыі. Парсанс лічыў, што туманнасці маюць не газападобную, а зорную прыроду, але ў сілу недастатковай магутнасці тэлескопаў пакуль немагчыма адрозніць, што яны складаюцца з зорак. Рос і яго аднадумцы сцвярджалі, што ім удалося знайсці доказы таго, што туманнасць Арыёна складаецца з асобных зорак, што мела б значныя наступствы для касмалогіі, а таксама філасофіі. Праціўнікам Парсанса ў гэтым пытанні быў Джон Гершэль, які, абапіраючыся на вынікі ўласных назіранняў, сцвярджаў, што туманнасць Арыёна з'яўляецца «сапраўднай» (гэта значыць газападобнай).
Адным з вялікіх прыхільнікаў тэлескопа Парсанса быў ірландскі палітык Томас Лефрой, які сказаў: «Планета Юпітэр, якая праз звычайнае шкло падаецца не больш як добрай зоркі, выглядае ўдвая большай за месяц, бачны няўзброеным вокам. <…> Але геній бачны ва ўсіх дэталях гэтага монстра — як канструкцыі, так і кіраванні ім. Тэлескоп важыць шаснаццаць тон, і ўсё ж лорд Рос кіруе ім у адзіночку, а два чалавекі з лёгкасцю паднімуць тэлескоп на любую вышыню»[10].
Пасля смерці Уільяма Парсанса яго сын, Лоўрэнс Парсанс, апублікаваў вынікі назіранняў бацькі, у тым ліку адкрытыя ім 226 аб'ектаў NGC, у кнізе «Observations of Nebulae and Clusters of Stars Made With the Six-foot and Three-foot Reflectors at Birr Castle From the Year 1848 up to the Year 1878» (Scientific Transactions of the Royal Dublin Society Vol. II, 1878)[11].