Унімак (англ.: Unimak Island) — востраў у паўночнай частцы Ціхага акіяна, у групе Лісіх астравоў (Алеуцкі архіпелаг). Тэрыторыя штата Аляска, ЗША. Самы вялікі і самы ўсходні з Алеуцкіх астравоў. У 1768 годзе даследаваны экспедыцыяй П. К. Крэніцына[1].
Плошча вострава 4069,9 км², даўжыня каля 95 км, найбольшая шырыня 116 км. Ад паўвострава Аляска аддзелены Ісаноцкім пралівам, ад вострава Крэніцына — пралівам Унімак. Прыморскія раёны нізінныя, унутраныя — пераважна горныя, з ледавікамі. Найвышэйшы пункт — вулкан Шышалдзіна (2857 м). Клімат марскі субарктычны, вільготны. Расліннасць пераважна субарктычная і горная тундравая.