Тамашо́ўка[2] (трансліт.: Tamašoŭka, руск.: Томашовка) — аграгарадок[3][4] у Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Тамашоўскага сельсавета. Размешчана за 69 км на поўдзень ад Брэста, за 1 кіламетр ад чыгуначнай станцыі Уладава, на захадзе — рака Заходні Буг і дзяржаўная граніца з Польшчай, аўтадарогай звязана з Брэстам. Цэнтр Тамашоўскага сельсавета.
Цэнтр адкрытага акцыянернага таварыства «Камароўка».
У XIX стагоддзі назву Тамашоўка мелі фальварак і пасёлак у Прыбараўскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. У 1876 годзе ў фальварку было 2 двары, 29 жыхароў, у пасёлку 1 двор, 32 жыхары.
У Першую сусветную вайну ў 1915—1916 гадах тут адбыліся баі паміж расійскім і германскім войскамі, у час якіх загінулі 1346 салдат з абодвух бакоў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі, у Прыбараўскай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства. Станам на 30 верасня 1921 года ў вёсцы было лясніцтва.
З 1939 года ў складзе БССР. У Вялікую Айчынную вайну летам 1942 года гітлераўцы стварылі Тамашоўскае гета, у якім утрымлівалі 2 тыс. чалавек. У канцы ліпеня 1942 года праведзена масавае знішчэнне вязняў гета. За гады вайны акупанты спалілі 129 двароў, знішчылі больш за 2000 жыхароў.
У чэрвені 1949 года арганізаваны калгас імя Дзяржынскага ў в. Прыбарава, у які ўключана Тамашоўка.
31 снежня 2011 года ў ваколіцах вёсак Тамашоўка і Селяхі Брэсцкага раёна зафіксаваны першы выпадак з’яўлення ў Беларусі шакалаў.