Горад размешчаны на правым беразе ракі Хмара (басейн Дняпра), за 62 км ад Смаленска. Лёгкая і харчовая прамысловасць, вытворчасць будматэрыялаў.
Гісторыя
Упершыню згадваецца ў 1811 годзе як невялікая вёска. У 1868 годзе адкрыты пастаянны рух па чыгунцы Віцебск — Рослаўль, на якой пабудавана станцыя «Пачынак». Неўзабаве пасёлак стаў транзітна-перавалачным пунктам аптовага гандлю хлебам, пянькой, лесам, ільном. У 1876 злучаны тэлеграфам з Ельняй. Галоўную вуліцу актыўна забудоўвалі мясцовыя купцы.
Савецкая ўлада ў горадзе ўсталявана ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада 1917 года. У сакавіку 1918 года ў горадзе ўспыхнуў мяцеж, падаўлены атрадам РСЧА, які прыбыў са Смаленска. Валасны цэнтр Ельнінскага павета, 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня горад разам з іншымі тэрыторыямі Смаленскай губерні быў перададзены ў склад РСФСР. У 1924 годзе, нягледзячы на перавагу беларускага насельніцтва, Пачынак не вярнулі БССР[2].
З 1926 горад, раённы цэнтр Рослаўскай акругі Заходняй вобласці (з 1929), Смаленскай вобласці (з 1937).
З 17 ліпеня 1941 па 23 жніўня 1943 года акупаваны германскімі войскамі, у горадзе дзейнічала падполле.