Няро́вы[1] (трансліт.: Niarovy, руск.: Неровы) — вёска ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Вішнеўскага сельсавета.
Знаходзіцца за 21 км на захад ад Валожына, 15 км ад чыг. ст. Багданаў на лініі Маладзечна—Ліда, 92 км ад Мінска.
Рэльеф раўнінна-ўзгорысты, на паўночным усходзе цячэ р. Бярэзіна (прыток Нёмана), у якую ўпадае Альшанка. За 0,5 км на поўдзень ад вёскі знаходзіцца Бярэзінскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу, звязанае з сучаснымі алювіяльнымі адкладамі і адкладамі паазерскага зледзянення, ва ўскрышы пяскі, супескі.
Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўноны захад, да якой на паўднёва-ўсходняй ускраіне падыходзіць прамалінейная вуліца, арыентаваная з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Забудавана двухбакова, шчыльна, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Грамадскія будынкі размешчаны на паўночна-заходняй ускраіне, гаспадарчы сектар — на паўднёва-ўсходняй і паўночна-заходняй ускраінах.
Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Адамова (Валожынскі раён) і далей па шашы Валожын—Ашмяны.
Вядома ў ВКЛ з XVI ст. У 1567 годзе с. Нярова ў Ашмянскім павеце, шляхецкая ўласнасць.
З 1795 г. ў Расійскай імперыі. У 1897 г. у Вішнеўскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні.
З 1921 года ў складзе Польшчы.
З лістапада 1939 года ў БССР. З 12.10.1940 г. ў Адамоўскім сельсавеце Валожынскага р-на Баранавіцкай вобласці. З 25.6.1941 г. да 6.7.1944 г. акупіравана нацыстамі. На фронце ў Вялікую Айчынную вайну загінулі З вяскоўцы. З 20.9.1944 г. ў Маладзечанскай вобласці. 8.9.1950 г. арганізаваны калгас «За трывалы мір», які абслугоўвала Валожынская МТС. З 3.4.1954 г. землі ў складзе калгаса імя І. Д. Чарняхоўскага (цэнтр — в. Адамова). Размяшчаліся ферма буйной рагатай жывёлы, 8-гадовая школа (11 настаўнікаў), фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. З 20.1.1960 г. ў Мінскай вобл., з 25.12.1962 г. ў Маладзечанскім, з 6.1.1965 г. ў Валожынскім раёнах.
Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Сакаўшчынскага сельсавета[2].
Дзейнічае магазін (станам на 2009 год).