Не́дайка[1] (трансліт.: Niedajka, руск.: Недойка) — вёска ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Губіцкага сельсавета.
На поўначы мяжуе з лесам. Паблізу ёсць паклады гліны.
У 18 км на паўднёвы захад ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін — Гомель), 55 км ад Гомеля.
Побач аўтадарога Жлобін — Гомель. Планіроўка складаецца з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой з поўдня пад прамым вуглом далучаюцца дзве паралельныя паміж сабой вуліцы і завулак. Забудова двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У 1986 годзе пабудаваны цагляныя дамы на 50 кватэр, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў пасля Чарнобыльскай катастрофы.
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XIX стагоддзя як вёска ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. З 1825 года дзейнічала вінакурня, якая забяспечвала спіртнымі напоямі ўсе корчмы навакольных вёсак. Па рэвізіі 1858 года валоданне памешчыка Перасвет-Солтана. Пасля адмены прыгоннага права жыхары вёскі ў 1861 годзе адмовіліся адбываць двухдзённую паншчыну на карысць памешчыка. Для ўціхамірвання сялян была выклікана рота Магілёўскага рэзервовага батальёна. У 1862 годзе адкрыта школа, якая знаходзілася ў наёмнай сялянскай хаце (у 1889 годзе 52 вучні), у 1915 годзе для яе быў пабудаваны ўласны будынак. Памешчык Новікаў у 1878 годзе меў 7623 дзесяціны зямлі, 4 млыны і сукнавальню. У 1886 годзе знаходзіліся 2 ветракі, вадзяны і валовы млыны. Дзейнічаў хлебазапасны магазін. Цэнтр воласці (да 9 траўня 1923 года), у склад якой у 1885 годзе ўваходзілі 20 населеных пунктаў з агульнай колькасцю 747 двароў. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: народнае вучылішча, Свята-Траецкая царква (адкрыта ў 1873 годзе — драўляная, а ў 1894 годзе пабудаваны каменны будынак), хлебазапасны магазін, магазін, 6 ветракоў, маслабойня, 2 гамарні, карчма, аддзяленне паштовай сувязі. Побач быў фальварак. У 1909 годзе 1562 дзесяціны зямлі. У фальварку Недайка — 1783 дзесяціны, у другім фальварку — 2609 дзесяцін зямлі. Мелася лякарня, з 1911 года пры школе працавала бібліятэка. У 1912 годзе арганізавана крэдытнае таварыства. Дзейнічаў шклозавод, канфіскаваны ў траўні 1917 года. 20 чэрвеня 1924 года ў выніку пажару згарэлі 263 пабудовы ў 58 гаспадарках.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Недайка была абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Недайка ўвайшла ў склад БССР.
З 20 жніўня 1924 года да 1986 года цэнтр Недайскага сельсавета Буда-Кашалёўскага раёна Бабруйскай, з 27 кастрычніка 1927 года Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці.
У 1929 годзе арганізаваны калгасы «Агульная праца» і «Граніт», працавала цагельня, 4 ветракі, крупарушка, кузня, лякарня, фельчарскі пункт, хата-чытальня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў баях за вёску ў лістападзе 1943 года загінулі 78 савецкіх салдат і партызан (пахаваны ў брацкай магіле на могілках). Вызвалена 28 лістапада 1943 года. За гады вайны загінулі 113 жыхароў вёскі.
Дапаможная гаспадарка аграфірмы «Тэхсервіс» і сельгаспрадпрыемства «Недайка», камбінат бытавога абслугоўвання, лесапільня, млын, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт.
У 1969 годзе ў вёску перасяліліся жыхары пасёлка Новая Сямёнаўка[2].
Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Старабудскага сельсавета[3].