На́ча, Нач — рака ў Ляхавіцкім і Ганцавіцкім раёнах Брэсцкай вобласці і Клецкім раёне Мінскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Лань (басейн Дняпра).
Назва балцкага паходжання.
Нача — досыць шырока распаўсюджаная назва на тэрыторыі цяперашняй Беларусі (назва ў прытокаў нёманскай Дзітвы, Дзвіны, Бярэзіны, бярэзінскага Бабра). Таксама Нача — прыток дзвінскай ракі Обшы (у гэтую Начу ўцякаюць рэкі з балцкімі назвамі Рэкта, Вейна, Лебасціна, Вішанка — «Арэхавая», «Звілістая», «Павольная», «Плыткая»).
Гідранімічныя аналагі — літоўскія водныя назвы Nota, Notė, Notija, Notera[1], пруская *Nātangā (ад гэтага гідроніма назва прускага племя натангаў).
Гэтыя назвы ад захаванага ў гідраніміі балцкага *nātā «цячэнне», якое з дапамогай пашыральніка -t- ад індаеўрапейскага *(s)na- «цячы»[2]. Ад яго таксама рачныя назвы Сноўка, Сноў[ru].
Назва Нача значыць «Плыткая (рака)». Назва звязаная з хуткасцю рачной плыні.
Даўжыня ракі 42 км. Плошча вадазбору 360 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 2 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,8 м/км.
Асноўны прыток — рака Тучанка (леваруч).
Пачынаецца на захадзе ад вёскі Канюхі Ляхавіцкага раёна, вусце за 2 км на ўсход ад вёскі Нач Ганцавіцкага раёна. Цячэ па нізіне Прыпяцкага Палесся. Даліна пераважна трапецэпадобная, шырынёй 0,5—1 км, месцамі да 2—3 км. Абалона пераважна двухбаковая (шырыня 0,3—0,6 км). Рэчышча на вялікім працягу звілістае, у высокай плыні на працягу 20,8 км каналізаванае, яго шырыня 3—10 м.
На беразе Начы каля вёскі Заляшаны археалагічны помнік — стаянка старажытных людзей[3].