З 1799 года праектаваў, будаваў і рэканструяваў навучальныя карпусы Віленскага ўніверсітэта і дамы персанала ўніверсітэта, таксама іншыя жылыя дамы Вільні, сядзібныя ансамблі і храмавыя будынкі ў Літве і Беларусі.
У 1809 годзе пры рэканструкцыі гімназіі Віленскага ўніверсітэта абвалілася столь. Аварыя адбылася таксама пры перабудове касцёла піяраў у жылы дом. Чатырохпавярховы дом Шульца з велічным класіцыстычнымфасадам, збудаваны на рагу вуліц Нямецкай (Vokiečių g. 8) і Дамініканскай (Dominikonų g.) у 1800 годзе на месцы не дабудаванага касцёла піяраў, у XIX стагоддзі быў самым высокім у Вільні. Перад Другой сусветнай вайной у ім была гасцініца «Еўропа». У 1944 годзе будынак згарэў і пасля вайны на яго месцы быў пабудаваны шэраговы жылы дом[1].
У сувязі з аварыямі паліцыя забараніла Шульцу займацца праектаваннем і будаўніцтвам. Ён быў звольнены з пасады архітэктара ўніверсітэта, аднак заставаўся прафесарам архітэктуры.
Улетку 1812 года Шульцу было даручана ўзвядзенне павільёна для ўрачыстай вячэры ў гонар імператара Аляксандра ў Закрэце (цяпер парк Вінгіс)[2]. Незадоўга да балю павільён абрынуўся. Узрушаны Шульц кінуўся ў Вілію і патануў. Цела яго выцягнулі праз некалькі дзён у 20 вёрстах ад горада[3].
Затым працаваў над рэканструкцыяй будынкаў Віленскага ўніверсітэта. У 1799—1801 гадах на трэцім паверсе паўночнага корпуса двары Сарбевія абсталяваў уласную кватэру ў чатыры пакоі. Інтэр’ер кватэры Шульц дэкараваў ляпнымі арнаментамі і формамі розных ордараў. Для асвятлення спальні накшталт рымскага атрыума ў столі і даху прасечана акно прамавугольнай формы. Памяшканне ўпрыгожана формамі дарычнага ордара, сканцэнтраванымі ў антаблеменце і апраўленні вокнаў. Антаблемент, які апяразвае гасціную, складаецца з фрыза, разбітага на метопы з разеткамі раслінных матываў. Антаблементы іншых пакояў карынфскага і тасканскага ордара. У сваёй кватэры Шульц чытаў лекцыі, выкарыстоўваючы яе як навочны дапаможнік па гісторыі архітэктуры і праектаванні.
Аднапавярховыя будынкі заходняга корпуса двары М. Даўкшы Шульц рэканструяваў пад кватэры прафесараў, змяніўшы планіроўку і надбудаваўшы два паверхі. У 1806 годзе трэці паверх заходняга корпуса двара Сарбевія архітэктар прыстасаваў пад бібліятэку. У 1810 годзе ў Вялікім двары ён перабудаваў фасад аулы, упрыгожыўшы яго класіцыстычным парталам. У 1811 годзе Шульц працаваў на праектам рэканструкцыі аулы.
У 1799 годзе архітэктар рэканструяваў будынкі ў Сярэйкішках, прыстасаваўшы іх для кафедры прыродазнаўчых навук (лабараторыі, аўдыторыі, кватэры прафесараў). Тады ж ім быў падрыхтаваны праект Сярэйкішкскага батанічнага саду і пабудаваны масток у садзе. Увосень таго ж года Шульц рэканструяваў будынак універсітэцкай аптэкі (палац Бжастоўскіх) на рагу вуліц Святога Яна (Швянта Ёна, Šv. Jono g.) і Універсітэцкай (Універсітэта, Universiteto g.).
У 1807 годзе архітэктар рэканструяваў трохпавярховы дом Прозараў на Вялікай вуліцы, у якім былі размешчаны кватэры для прафесараў. Пасля будынак стаў вядомы як дом Франка (Didžioji g. 1; цяпер тут размяшчаюцца кнігарня, пасольства Францыі і Французскі культурны цэнтр). Размешчаны асіметрычна пад’езд падкрэсліваюць дарычныя пілястры і ліштва. Вялікія вокны другога паверху ўпрыгожваюць апраўленні і ляпныя арнаментныя вянкі. Вугал дома акцэнтаваны белым рустам.
У 1807—1810 гадах па праекце Шульца рэшткі занядбанай Прачысценскай царквы былі перабудаваны ва ўніверсітэцкі Анатомікум з аўдыторыямі і празектарскімі на першым паверсе і кабінетамі, навучальнымі і гаспадарчымі памяшканнямі на другім.
Трохпавярховы дом, які належаў універсітэту, Шульц у 1809—1810 годзе рэканструяваў для патрэб Хімічнай калегіі: пабудаваў вялікую ратондную аўдыторыю, абсталяваў кватэры прафесараў. У хімічнай аўдыторыі ў форме амфітэатра ў нішах паміж дарычнымі пілястрамі былі ўбудаваны цыліндрычныя печы. Дзве дзверы апраўляе партал з дарычнымі калонамі. Ратонду апяразвае шырокі антаблемент. Купальнае скляпенне мае кесоннае вырашэнне. Цяпер у гэтым будынку размяшчаецца Міністэрства адукацыі і навукі Літвы (вугал вуліц А. Валана і Святога Мікалая, A. Volano g. 2 / Šv. Mykolo g. 9[4]).
Шульц таксама праектаваў рознага роду культавыя будынкі. У 1802 годзе ён спраектаваў і ўзвёў званіцукасцёла Святой Ганны ў Вільні, кіраваў рэстаўрацыйнымі работамі па яго аднаўленні. У 1802—1803 гадах архітэктар падрыхтаваў праект трохнефнай царквы, школы, гаспадарчых і вытворчых пабудоў у Свіслачы (Беларусь), яшчэ адзін ў 1810 годзе (не рэалізаваны). Мяркуецца, што Шульцу належыць праект ансамбля каменных капліц у Вабальнінкасе (цяпер Біржайскі раён).
Напачатку XIX стагоддзя архітэктар удзельнічаў у стварэнні інтэр’ераўпалаца Тызенгаўзаў у Вільні на рагу Нямецкай і Троцкай вуліц (цяпер Вакечу і Траку, Vokiečių g. 28 / Trakų g. 17).
Пры рэканструкцыі будынкаў універсітэта Шульц, як правіла, вялікую ўвагу надаваў зручнасці і функцыянальнасці. Ад прац прадстаўнікоў ранняга класіцызму і стылю яго настаўніка Лаўрына Гуцэвіча праекты Шульца адрозніваюцца ўмеранасцю формаў, эканамічнасцю, адмовай ад падкрэсленай велічнасці галоўных фасадаў і прапорцыямі, блізкімі да звычайных прапорцыяй ампіру.
Памяць
Імем Шульца названа адна з вуліц (Mykolo Šulco gatvė) у раёне Вільнюса Пашылайчай[5].
Зноскі
↑Vladas Drėma. Dingęs Vilnius. Vilnius: Vaga, 1991. ISBN 5-415-00366-5. P. 198, 226. (літ.)
↑На гэтым балі, апісаным у рамане Л. М. Талстога «Вайна і мір» (т. 3, ч. 1, гл. III), імператар атрымаў вестку пра ўварванне войскаў Напалеона ў Расію
↑А. К. Киркор. Вильно // Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Под общей редакцией П. П. Семенова, вице-председателя императорского Русского географического общества. Том третий. Часть первая. Санкт-Петербург — Москва: Издание книгопродавца-типографа М. О. Вольфа, 1882. С. 154.
Lietuvos architektūros istorija. T. II: Nuo XVII a. pradžios iki XIX a. vidurio. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1994. ISBN 5-420-00583-3. P. 305—310. (літ.)