Паводле лігвістычных данных, мінахасы маюць супольнае паходжанне з аўстранезійскімі народамі Філіпінскіх астравоў і поўначы вострава Сулавесі[2]. Фарміраванне адзінага народа адбывалася ў складаных гістарычных умовах. Згодна паданням, у 670 г. на землях сучасных мінахасаў была сфарміравана канфедэрацыя розных плямён[3], якія захоўвалі свае мовы, звычаі і кіраванне. Археолагі выявілі магільні правыдыроў IX ст., якія сведчаць пра тое, што на паўночным ўзбярэжжы сапраўды мелася адносна развітае грамадства з сацыяльным расслаеннем.
У XVI - першай палове XVII стст. мінахасы актыўна кантактавалі з партугальскімі гандлярамі і іспанскімі каланістамі. У 1623 г. іспанцы заснавалі ў Паўночным Сулавесі крэпасць Манада[4] і пачалі распаўсюджваць каталіцызм. Адносіны з іспанцамі мелі складаны характар. З аднаго боку, меліся ўстойлівыя гандлёвыя адносіны, мінахасы запазычылі ў еўрапейцаў такія сельскагаспадарчыя культуры, як кукуруза і кава, з'явіўся пласт іспана-мінахаскіх крэолаў. Прыняцце хрысціянства садзейнічала далейшаму адасабленню мінахасаў ад іншых насельнікаў Сулавесі, што спавядалі іслам. Аднак правадыры мінахаса супраціўляліся спробам каланістаў усталяваць палітычны кантроль над іх землямі. Змяненне сітуацыі на суседніх Малукскіх астравах, адкуль вывозіліся ў Еўропу спецыі, прывяло да хуткага заняпаду іспанскай калоніі. Гэта выкарысталі ў сваіх мэтах галандцы. У 1657 г. яны дамовіліся з правадыром Манада аб пабудове сваёй крэпасці, якая пазней атрымала назву Ротэрдам. У 1679 г. было падпісана саюзнае пагадненне з правадырамі канфедэрацыі.
Першапачаткова палітыка галандскіх каланізатараў на поўначы Сулавесі не мела гвалтоўнага характара. Яны не абмяжоўвалі мясцовае самакіраванне, аказвалі ваенную падтрымку тубыльцам супраць мусульманскіх піратаў, вялі гандаль, наймалі мінахасаў у каланіяльную армію. Каланіяльная адміністрацыя з'явілася толькі ў 1888 г. Для ўкаранення хрысціянства былі запрошаны нямецкіяпратэстанцкія місіянеры[5]. У другой палове XIX ст. яны стварылі сетку сучасных школ з выкладаннем на малайскай мове. Вучні мелі магчымасць зрабіць сабе кар'еру ў арміі або ў адміністрацыі. Такім чынам з'явіўся пласт мясцовага насельніцтва, якое ахвотна супрацоўнічала з еўрапейцамі і прама не атаесамляла сябе з традыцыйнымі коламі правадыроў. У 1889 г., калі на поўначы Сулавесі было знойдзена золата, генерал-губернатар фактычна скасаваў дамову з правадырамі і ўвёў прамое кіраванне[6].
З канца XIX ст. сярод адукаваных мінахасаў пачалі распаўсюджвацца ідэі нацыяналізму. Яны прымалі актыўны ўдзел у заснаванні інданезійскага нацыянальнага руху і далейшай антыкаланіяльнай барацьбе. У 1950 г. землі мінахасаў былі далучаны да незалежнай Інданезіі. Аднак у 1957 г. частка палітычных дзеячоў Сулавесі абвясціла ў Макасары ўсеагульную хартыю барацьбы (Piagam Perjuangan Semesta, скарочана Permesta) супраць прэзідэнта Сукарна. Яна была падтрымана многімі мінахасамі. У выніку, сярод іх узнік узброены рух, які працягваўся да 1961 г.[7] У 1959 г. была створана асобная правінцыя Паўночны Сулавесі. У нашы дні мінахасы складаюць у ёй большасць насельніцтва.
Культура
Традыцыйнымі галінамі эканомікі мінахасаў былі сельская гаспадарка, рыбалоўства, прыбярэжны гандаль, рамяство. У мінулым практыкавалася падсечнае земляробства. Паколькі землі ў рэгіёне, населеным мінахасамі, горныя і маюць высокі нахіл, то расчышчаныя ад лесу надзелы апрацоўваліся толькі некалькі гадоў. У далейшым дажджаваявада змывала урадлівую глебу або з-за адсутнасці дрэў у спякотны сезон пачыналася засуха, і земляробам прыходзілася шукаць новае месца. У каланіяльны перыяд замацавалася прыватная ўласнасць на зямлю.
Распаўсюджаныя рамёствы — апрацоўка дрэва і каменю, ткацтва і выраб керамікі[8][9]. Да сярэдзііны XIX ст. майстры мінахасаў усталёўвалі на могілках каменныя надмагіллі варуга, якія аздаблялі складанай мастацкай рэззю. Найлепшыя прыклады іх працы захаваліся ў вёсцы Саванган у Паўночным Сулавесі, дзе комплекс варуга займае 1866 м²[10]. У вёсцы Валоан каля Манада развіваюцца традыцыі будаўніцтва драўляных каркасных хацін на доўгіх па́лях[11]. У мінулым такія хаціны будаваліся на ўсёй тэрыторыі, населенай мінахаса. Яны ладзіліся з трох розных відаў драўніны. Адрозніваліся вялікія хаціны для сталага пражывання і малыя сезонныя хаціны, што ўзводзіліся каля палеткаў. У нашы дні традыцыйная архітэктура саступіла месца звычайнай, але лёгкія і добра прыстасаваныя для трапічнага надвор'я хаціны экспартуюцца ў іншыя рэгіёны.
Асновай сацыяльнай структуры грамадства з'яўляецца сям'яаву. У нашы дні дамінуе тып малой нуклеарнай сям'і, аднак да пачатку XX ст. асноўным тыпам з'яўлялася вялікая пашыраная сям'я, якая жыла ў асобнай хаціне, пабудаванай на высокіх па́лях з абарончымі мэтамі. Главой сям'і лічыўся бацька ама, але яго ўлада не была безумоўнай. У ама меўся важны грамадскі абавязак — абараняць сям'ю. У выпадку яго смерці ўлада пераходзіла да маці іна. Пры жыцці бацькі яна выступала ў якасці суддзі і рэгулявала щнутраныя сямейныя канфлікты. Малыя сем'і, што ўваходзілі ў склад аву маглі з цягам часу пачынаць весці самастойную гаспадарку. У гэтым выпадку яны будавалі асобную хаціну каля галоўнай. Такім чынам паступова складвалася сваяцкая абшчына тарандак, якой кіраваў адзін з старэйшых мужчын па лініі першапачатковага аву.
З узмацненнем дзяржавы роля тарандак у сацыяльным жыцці паступова зніжалася, затое ўзнікала тэрытарыяльная абшчына вануа на чале выбранага або прызначанага старасты укунг. Ёй з дапамогай некалькіх дапаможцаў распараджаўся грамадскімі работамі, размеркаваннем угоддзяў, супольнай абаронай абшчыны. Некалькі вануа складалі саюз абшчын валак. У старажытнасці правадыр валак выбіраўся. Асноўныя дзяржаўныя рашэнні прымаліся на сходзе такіх правадыроў[13]. Кіраўнік дзяржавы мунту-унту высоўваўся з іх асяроддзя і павінен быў абапірацца на рашэнні схода. У сваю чаргу, меўся сход саюзных мунту-унту. Ён праіснаваў да 1889 г.
Традыцыйнае грамадства мінахасаў заставалася даволі ваяўнічым, часта ўспыхвалі ўнутраныя канфлікты, вяліся міжродавыя войны. У выніку пашырэння хрысціянства ў XIX ст. царква стала важным асобным інстытутам, які меў значны аўтарытэт, але непасрэдна не падпарадкоўваўся мунту-унту і ў выніку прыняў бок каланіяльных адміністратараў, а ў XX ст. — агульнай інданезійскай дзяржавы. Нават у нас час царква аказвае вялікі ўплыў на адукацыю, арганізуе супольныя сходы і святы, дабрачынныя акцыі, нават займаецца захаваннем традыцыйнай культуры[14][15]. Прыналежнасць да царкоўнай абшчыны — адзін з першасных чынннікаў у сацыяльным вызначэнні кожнага мінахаса.