Скончыў Тэхналагічны інстытут у горадзе Бандунг (1925). Удзельнік стварэння «Бандунгскага даследчага клуба» (1926), на базе якога ў 1927 годзе створана Нацыянальная партыя Інданезіі; яе першы старшыня. За антыкаланіяльную дзейнасць у 1929—1931 гадах зняволены ў турме, з 1933 па 1942 год у ссылцы. У 1945 годзе сфармуляваў 5 прынцыпаў (нацыяналізм, інтэрнацыяналізм, народаўладдзе, сацыяльная справядлівасць, вера ў адзінага Бога), якія сталі афіцыйнай ідэалогіяй Інданезіі. 17 жніўня 1945 года Сукарна абвясціў незалежнасць Рэспублікі Інданезія. Абраны яе прэзідэнтам, узначаліў барацьбу супраць нідэрландскіх каланізатараў (1945—1949). У 1957—1959 гадах па яго ініцыятыве ў краіне сфарміраваны лад т.зв. «накіроўвальнай дэмакратыі» на аснове канцэпцыі функцыянальных груп, члены якіх звязаны агульнай дзейнасцю, рэлігіяй, адукацыяй і г.д. Быў распушчаны парламент, новыя дэпутаты прызначаны асабіста Сукарнам, які сканцэнтраваў у сваіх руках заканадаўчую і выканаўчую ўладу. У 1963 года абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам краіны. Сукарна адзін з ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955 года і руху Недалучэння. Яго кірунак на пашырэнне сувязей з СССР і КНР абвастрыў адносіны з краінамі Захаду, найперш з-за канфлікту з Малайзіяй і выхаду Інданезіі з ААН (студзень 1965). Палітыка Сукарны прывяла да эканамічнага крызісу, які супаў з вострым канфліктам паміж камуністамі і арміяй. Пасля путчу 30.9.1965 адхілены ад рэальнага кіраўніцтва краінай, у 1967 годзе адмовіўся ад усіх дзяржаўных пасад.