Мядзелка — рака ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці і Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці, правы прыток ракі Бірвета (басейн Заходняй Дзвіны).
Даўжыня 50 км. Плошча вадазбору 775 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,7 ‰.
Звязана з назвай возера Мядзел. У XVII стагоддзі для тапоніма, што паходзіць ад назвы возера, засведчаныя варыянты «Мядзел» і «Мядзолы»[1]. Апошняя форма лічыцца больш аўтэнтычнай, яна дайшла ў выглядзе польскага Miadzioł і мае прамы адпаведнік у літоўскім тапоніме Medžiolai (назва вёскі ля ракі Вяллі каля літоўскага Еўя).
У назвах «Мядзолы» (Miadzioł), Medžiolai корань Med- пашыраны балцкім назоўным фармантам -ol- (як у назве прытоку Пцічы рэчкі Даколкі і інш.)[2].
Найбліжэй з гідранімічным коранем Med- звязанае літоўскае medis «дрэва», medė «гай», ад балцкага *medja(n) «лес»[3]. Далей да індаеўрапейскага *medhi̯os- «сярэдні, сярэдзінны» (лес разумеўся як тое, што знаходзіцца паміж паселішчамі)[4].
Назва Мядзел сягае протабалцкага значэння «сярэдзіна; сярэдні; пасярод». Яна з таго ж семантычнага шэрагу, што і назвы рэк Таропа, Віцьба, якія звязаныя з літоўскім tarpe «пасярод», viduje «пасярэдзіне» (ад tarpas «прамежак», vidus «сярэдзіна»).
Утварэнне такіх гідронімаў было матываванае семантыкай "працярэблівання" рэчышчам ракі сабе шляху паміж берагоў. Блізкую семантыку маюць дняпроўскія гідронімы тыпу Бася, Беседзь, Бестань (ад літоўскага besti, bastyti "утыкаць; капаць, пракопваць").
Таго ж паходжання таксама назва возера Мядзесна (на поўначы ад Віцебска).
Выцякае з возера Мядзел каля вёскі Лапосі Мядзельскага раёна, вусце за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі Бірвіта Пастаўскага раёна. Даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 250—400 м. Абалона двухбаковая, чаргуецца па берагах, шырынёй 100—200 м. Рэчышча ўмерана звілістае; шырыня ракі ў вярхоўі 10—15 м, на астатнім працягу 15—20 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,5 м, найвялікшая 2,1 м (1956). Замярзае ў канцы снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 2 дні.
У басейне ракі азёры Азёркі, Воўчына, Доўжа, Чэцверць, Світа, Споры, Глодава, Думбля, Загацце, Задзеўскае, Ксяндзоўскае, Кавалькі, Мажэйскае, Сляпі́ца[5], Белае і інш.