Луксо́р (араб.الأقصر) — горад у Егіпце, на правым беразе Ніла, адміністрацыйны цэнтр мухафазы Луксор з насельніцтвам каля 376000 чалавек.
Цэнтр рамесніцкай вытворчасці. Кліматычны курорт. Значны турыстычны цэнтр.
Узнік на месцы старажытных Фіў (сталіца Егіпта ў 21—11 ст. да н. э.).
У даўніну егіпцяне назвалі горад «Уасет», грэкі — «стобрамнымі Фівамі».
У Луксоры і яго ваколіцах знаходзяцца некаторыя з найважнейшых археалагічных месцаў Егіпта.
З-за значнасці археалагічных помнікаў турызм у горадзе грае найважнейшую ролю.
На заходняй ускраіне Луксора старажытнаегіпецкі храм багоў Амона-Ра, Мут і Хансу.
Уключае прамавугольны двор з падвойнай каланадай, калонную залу-гіпастыль з 32 калонамі, свяцілішча, уваходны пілон і вялікую цэнтральную каланаду (усе другой палавіны 15 ст. да н. э., архітэктар Аменхатэп Малодшы, аўтары дэкору архітэктары браты Горы і Суці), другі пілон (фланкіраваны шасцю калонамі Рамсеса II) і двор, абкружаны 74 калонамі са статуямі фараонаў паміж імі (1317—1251 да н. э., архітэктар Бекенхонсу). Алеяй сфінксаў злучаўся з Карнакам.
У храме увасобіліся архітэктурныя тэндэнцыі эпохі Новага царства (16—11 ст. да н. э.) — імкненне да грандыёзнасці прасторавай кампазіцыі, яе развіццё па падоўжнай восі, урачыстасць, шырокае выкарыстанне разнастайных па формах калон (лотаса і папірусападобных).