У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл.
Ламу.
Ла́му (суахілі: Lamu) — горад на востраве Ламу ў Кеніі, адміністрацыйны цэнтр аднайменнай акругі. Насельніцтва (2009 г.) — 18 382 чал.[1]
Гісторыя
Горад Ламу ўпершыню ўзгадваецца ў арабскіх пісьмовых крыніцах XV ст. як гандлёвы цэнтр на ўсходнім узбярэжжы Афрыкі. Згодна летапісным паданням, ён быў заснаваны значна раней, у VII ст. н. э.
Да XVI ст. Ламу знаходзіўся пад кантролем дзяржавы Патэ на суседнім аднайменным востраве. У XVI ст. — пад кантролем Партугаліі. У XVII ст. увайшоў у саюз з Аманскім султанатам (у XIX ст. цэнтр султаната быў перамешчаны на Занзібар), удзельнічаў на яго баку ў войнах супраць Мамбасы і Патэ. Перыяды другой паловы XVII — XVIII стст. і другой паловы XIX ст. лічыліся адпаведна «залатым» і «срэбраным» вякамі, калі Ламу багацеў дзякуючы гандлю чарнаскурымі рабамі. У гэты час былі ўзведзены асноўныя пабудовы старой часткі горада. Асабліва важнай стала пабудова крэпасці ў 1813—1821 гг. у стылі, характэрным для Ўсходняй Аравіі.
У 1873 г. гандаль рабамі быў забаронены. У 1890 г. горад трапіў пад пратэктарат Вялікабрытаніі. Поўная адмена рабства ў 1907 г. выклікала моцную стагнацыю і перасяленне часткі мясцовага насельніцтва ў іншыя месцы.
У 1963 г. Ламу ўвайшоў ў склад незалежнай Кеніі.
У 2001 г. горад Ламу трапіў ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Славутасці
Стары горад Ламу славіцца старажытнымі пабудовамі XVI — XIX стст., вузкімі вуліцамі, разьбянымі дзвярамі і франтонамі. У 2001 г. быў унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Найбольш цікавыя мясціны:
- Гарадскі порт, які ў нашы дні выкарыстоўваецца для кабатажнага суднаходства. Тут можна убачыць традыцыйныя лодкі, якія будуюць мясцовыя ўмельцы, і якія шырока выкарыстоўваюцца як транспартны сродак у нашы дні.
- Паштовы музей на месцы нямецкай паштовай станцыі.
- Музей Ламу, які ўтрымоўвае багатую калекцыю мінулага ўсяго архіпелага Ламу.
- Музей традыцыйнага жытла суахілі.
- Крэпасць XIX ст.
- Некалькі мячэцяў і каталіцкі касцёл.
- Прыбежышча для валачашчых аслоў.
Не далёка ад горада размешчаны цудоўныя пясчаныя выдмы і пляжы.
Аднак зачараванне старога горада ў хуткім часе можа быць зруйнавана, паколькі ўрад Кеніі выношвае сур’ёзныя планы будаўніцтва ў Ламу сучаснага глыбакаводнага порта.
Інфраструктура
Ламу звязаны са знешнім светам праз паромную пераправу і аэрапорт. Апошні знаходзіцца на суседнім востраве Манда. У Ламу ўсяго 1 кінатэатр, няма буйной прамысловасці, ужыванне ўнутранага аўтамабільнага транспарту абмежавана.
Галоўная галіна эканомікі — абслугоўванне турыстаў.
Зноскі
Спасылкі