Каля 1504 года на беразе ракі Ласасянкі была заснавана рудня, пры якой неўзабаве ўзнікла дзяржаўная вёска. У 1536 годзе Юрый Зеляпуха заснаваў тут мястэчка Кузніцу, якое ўваходзіла ў склад Гарадзенскага паветаТроцкага ваяводства. 12 чэрвеня 1546 года каралева і вялікая княгіня Бона Сфорца надала Кузніцы прывілей на гандаль (існуе меркаванне, што існаваў прывілей на магдэбургскае права). У 1545 годзе ў мястэчку быў пабудаваны касцёл.
На 1679 годзе ў Кузніцы існаваў Рынак і 4 вуліцы. У 1731 годзе ўладальнік Кузніцы падкаморы гарадзенскі Казімір Міцута перадаў маёнтак Супраслеўскаму манастыру пры ўмове, каб у мястэчку быў заснаваны базыльянскі манастыр.
У 1915 годзе падчас І сусветнай вайны Кузніца акупіравана германскімі войскамі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай мястэчка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўключалася ў склад Беларускай ССР[3]. Ад пачатку 1919 года дзейнічаў і камісар польскага ўрада па Гродзенскай акрузе, ствараліся польскія вайсковыя структуры. Пасля зыходу нямецкіх войскаў, у час Польска-савецкай вайны 20 ліпеня 1920 года польскія ўзброеныя сілы на чале з ген. А. Макрэцкім здалі Кузніцу і адышлі да Саколкі, але, пацярпеўшы паражэнне ў бітве пад Варшавай, бальшавікі адступілі.