Згодна з некаторымі звесткамі, каталіцкі прыход у Юрацішках утварыўся ў XV стагоддзі, а першы касцёл быў пабудаваны ў 1532 годзе на грашовыя сродкі канцлера вялікага літоўскагаАльбрэхта Гаштольда, і нібыта пасля Берасцейскай уніі стаў грэка-каталіцкім, якім заставаўся да 1839 года[1]. Аднак гэтыя звесткі не падмацаваны ніякімі архіўнымі крыніцамі і не адпавядаюць гістарычнай рэчаіснасці. Юрацішкі ўваходзілі спачатку ў склад Трабскай, а затым Лаздунскай каталіцкіх парафій[2].
Першая каталіцкая капліца ў 1932 годзе была створана ў мясцовай школе. Новы драўляны касцёл быў узведзены ў 1937—1939 гадах[3][4]. Першым яго пробашчам быў ксёндз Антоні Твароўскі[3][5].
У 1949 годзе храм быў закрыты і ў 1950 годзе перададзены пад дом культуры. У 1955 годзе яго вырашана было разабраць на будаўнічыя матэрыялы, каб пабудаваць дом культуры ў пасялковым парку.
З 1991 года вернікі збіраліся на набажэнствы ў капліцы, пад якую было прыстасавана памяшканне ў былой драўлянай школе. А з 2002 года ў цэнтры вёскі паводле праекта архітэктараў бр. Бэла Лані, доктара Карла М. Руфа і Сяргея Мядзя пачалося будаўніцтва велічнай каменнага храма з вонкавай жоўтай цэглы. З канца лета 2004 года ў касцёле пастаянна адбываюцца набажэнствы[6].
Архітэктура
Твор архітэктуры постмадэрнізму. Асіметрычна-дынамічную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю фарміруюць прамавугольная ў плане малітоўная зала пад двухсхільным дахам і службовая 2-павярховая прыбудова з пяцігранным эркерам да апсіды. Над 2-гранным з круглай люкарнайшчытомфасада ўзведзена чатырохгранная шатровая званіца, такой жа формы сігнатурка — над алтарнай часткай.
Вышыня будынка — 27 метраў[7]. Будынак выкананы з цэглы светла-ружовага колеру і ўвасабляе кірунак неаготыкі ў спалучэннi з элементамі грэка-рымскай архітэктуры. Комплекс касцёла ўключае ў сябе і жылыя памяшканні для святара, манахаў і гасцей. Тут жа размяшчаюцца склады для прадукцыі і іншых прыладаў.
Уваход аформлены 2-слуповым ганкам пад двухсхільным пакрыццём і аркатурнай перамычкай. Бакавыя плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі. Унутры касцёла ёсць арган[8].
Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 377.