Да асноўнага прамавугольнага ў плане накрытага двухсхільным дахам аб'ёму далучаны нізкая паўкруглая апсіда і кубападобнае крыло трансепта з боку паўднёва-ўсходняга фасада. Галоўны фасад расчлянёны двухступеньчатымі контрфорсамі на 3 часткі, у цэнтры — галоўны ўваход, вырашаны арачным праёмам з парталам і аркатурным абрамленнем. Фасад завершаны двухгранным шчытом, у тымпане якога 3 арачныя нішы і люкарна, аб'яднаныя аркай. Бакавыя метровай таўшчыні сцены рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі і контрфорсамі ў прасценках. Архітэктурны дэкор (ліштвы праёмаў, карніз, русты) выкананы цаглянай муроўкай. У інтэр'еры зала касцёла была перакрыта скляпеннем (не захавалася), у крыле трансепта крыжовае скляпенне.