Большую частку кар’еры Май выступаў за «Гройтэр Фюрт» — усяго правёў за гэту каманду 400 матчаў. У 1958—1961 гадах таксама выступаў за мюнхенскую «Баварыю», а завяршаў кар’еру футбаліста ў сціплых камандах Швейцарыі і Аўстрыі. У 1950 годзе разам з «Фюрт» выйграў чэмпіянат Оберлігі Зюд.
Карл Май быў гульцом асноўнага складу на пераможным для зборнай ФРГ чэмпіянаце свету ў Швейцарыі 1954 года. У фінале чэмпіянату свету Маю ўдалося нейтралізаваць дзеянні Шандора Кочыша, які забіў на турніры да таго моманту ўжо 11 галоў. Зеп Хербергер надзвычай цаніў гульнявы стыль Чарлі Мая, якога ён параўноўваў з гульцом зборнай Германіі 1930-х гадоў Андрэасам Купферам.
Свой адзіны гол за зборную Карл Май забіў 28 мая1955 года. Гэта быў пераможны гол у таварыскім матчы супраць Ірландыі. Усяго за зборную ФРГ ён правёў 21 матч. У 1958 годзе выступаў таксама за другую зборную ФРГ.
Пасля заканчэння кар’еры футбаліста Карл Май стаў трэнерам. Ён узначальваў «Інгальштат» у сезоне 1963/1964 ў Рэгіянальнай лізе Зюд. Далей засяродзіўся на працы з аматарскімі камандамі: ESV Ingolstadt (1964/1965), MTV Ingolstadt (1965-1967), Wacker München (1969, фіналіст аматарскага чэмпіянату), FC Deisenhofen, SV 73 Nürnberg. Таксама працаваў школьным настаўнікам фізкультуры ў родным горадзе Фюрт.
Быў жанаты з 1952 года, шлюб быў бяздзетным. З 1975 перанёс 6 аперацый, у асноўным звязаных з страўнікава-кішачным трактам. У пачатку 1990-х яму выдалілі правае лёгкае. Памёр у 1993 годзе ад лейкеміі ва ўзросце 64 гадоў.
У 2004 годзе спартыўнаму комплексу яго роднага клуба «Гройтэр Фюрт» было нададзена імя Чарлі Мая.
Крыніцы
↑Karl Mai † // Transfermarkt — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.