Запланаваная даўжыня — 17,2 км, колькасць станцый — 14. Паводле планаў, пройдзе ад Курасоўшчыны да Зялёнага Лугу кірункам вуліцы Лейтэнанта Кіжаватава, праспекта Міру, вуліц Жукоўскага, Клары Цэткін, праспекта Машэрава, вуліцы Максіма Багдановіча і Лагойскага тракту[2].
Сярэднядзённы паток складае каля 10 тысяч чалавек, што нашмат саступае іншым лініям Мінскага метрапалітэна і робіць яе трэцяй паводле загружанасці. Найбольш напружаныя станцыі — «Кавальская Слабада» і перасадачная «Вакзальная»[5].
Назва «Зеленалужская» нададзена па былой вёсцы Зялёны Луг (цяпер — мікрараён Зялёны Луг) у складзе Савецкага і Першамайскага раёнаў Мінска. Будаўніцтва ў гэтым раёне плануецца завяршыць пасля 2030 года.
Праектаванне
Паводле першапачатковых планаў (2011 года), у складзе 1-й чаргі мусіла быць сем станцый: «Слуцкі Гасцінец», «Немаршанскі сад», «Аэрадромная», «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча»[6], пабудаваны яны мусілі быць да 2017 года[7]. У пачатку 2014 года было абвешчана, што ў 2017 годзе будуць гатовыя толькі 4 станцыі: «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча»[8]. Аднак ужо ў 2016 годзе стала зразумела, што нават гэтыя 4 станцыі адкрыюць не раней 2020 года[9].
Паведамлялася, што станцыя «Кавальская Слабада» паводле праектаў будзе мелкага закладання, а астатнія — глыбокага (да 20 метраў), такім чынам стануць самымі глыбокімі ў Мінскім метрапалітэне[10].
Будаўніцтва
1-я чарга
Будаўніцтва пачалося ў лютым 2014 года.
20 ліпеня 2020 года адбыўся пуск габарытнай рамы, а 29 ліпеня — тэхнічны запуск цягніка, які прайшоў паспяхова.
Зеленалужская лінія прыняла першых пасажыраў 7 лістапада 2020 года а 12:30[11].
Будаўніцтва злучальнай галіны паміж другой і трэцяй лініямі метро. Жнівень 2016
Агляд станцый першай чаргі
На ўсіх станцыях усталяваны аўтаматычныя платформенныя вароты. Пераходныя тунэлі на першую і другую лініі абсталяваны травалатарамі (гарызантальны аналаг эскалатара) даўжынёй ад 24 да 100 метраў і хуткасцю руху 1 м/с[12]. З пускам першага ўчастка быў створаны так званы транспартны трохвугольнік, што дазволіла разгрузіць дзейны перасадкавы вузел «Купалаўская» — «Кастрычніцкая». З адкрыццём новага ўчастка метро з’явіліся дадатковыя перасадкавыя вузлы «Фрунзенская» — «Юбілейная плошча» і «Плошча Леніна» — «Вакзальная».
У 2018 годзе пачаты працы па працягу лініі ў кірунку станцыі «Слуцкі Гасцінец»[13], працягласць другога ўчастка лініі складае 4122 метры[14]. Станам на люты 2020 года тунэль ад станцыі «Аэрадромная» да вуліцы Кіжаватава (будучая станцыя «Немаршанскі сад») складае больш за 100 метраў. Агулам жа перагон паміж гэтымі дзвюма станцыямі складзе звыш за 1700 метраў[15].
Станам на 5 верасня 2022 года на «Аэрадромнай» ужо завершаны асноўныя маналітныя работы, ідзе аздабленне. Частка памяшканняў ужо скончана. Задзейнічаны супрацоўнікі электрамантажнага ўпраўлення, спецыялісты па мантажы вентыляцыйнага абсталявання. На станцыі «Немаршанскі Сад» ідзе ўстаноўка перакрыццяў аб’екта, якую плануецца скончыць да канца месяца. У памяшканнях працягнецца ўнутранае аздабленне і падрыхтоўка да размяшчэння абсталявання. На станцыі «Слуцкі Гасцінец» гатоўнасць мантажу канструкцый аб’екта складае 20 %. Праводзяцца мерапрыемствы па прыладзе катлавана і маналітнай часткі. У актыўнай стадыі будаўніцтва знаходзіцца Слуцкае электрадэпо[16].
11 лютага 2022 года падчас будаўніцтва станцыі «Немаршанскі сад» рабочага засыпала зямлёй, выратаваць яго не здолелі[17].
Станам на 20 траўня 2023 года гатоўнасць новага ўчастка Зеленалужскай ліні скаладала 60 працэнтаў. Ступень гатоўнасці станцыі «Аэрадромная» — больш за 80 працэнтаў. Станцыя «Немаршанскі сад» гатовая больш чым на 60 адсоткаў. Збудаванне канструкцыі станцыі «Слуцкі Гасцінец» завершана на 75 %. Работы вяліся ў дзве змены кругласутачна. Менавіта тут пры будаўніцтве спецыялісты сутыкнуліся з грунтавымі водамі. Воды прыйшлося бесперапынна адпампоўваць, былі задзейнічаны спецыяльныя помпы.
Таксама ідзе будаўніцтва Слуцкага электрадэпо[18][19].
Участак адкрыты 30 снежня 2024 года.
Перспектывы
Праектаваны ўчастак Зеленалужскай лініі будзе складацца з двух чэргаў (трэцяй і чацвёртай). Трэцяя чарга ўключае станцыі «Прафсаюзная», «Пярэспа», «Камароўская» і «Парк Дружбы Народаў», даўжыня будзе складаць 4,7 км. Паводле планаў, будаўніцтва гэтай чаргі павінна быць скончана да 2028—2029 года[20]. Чацвёртая ўключае станцыі «Івана Мележа», «Зялёны Луг», «Лагойская».
30 ліпеня 2016 года Мінгарвыканкам зацвердзіў назвы будучых станцый Зеленалужскай лініі[21].
13 лютага 2022 года з’явіліся навіны пра планы пачаць тунэльныя працы ў кірунку Зялёнага Лугу[22].
12 красавіка 2023 года Спецыялісты прадпрыемства «Мінскметрабуд» пачалі работы па перакладцы сетак у раёне плошчы Бангалор, дзе будзе знаходзіцца станцыя метро «Парк Дружбы народаў».
Перакладка ажыццяўляецца двума спосабамі — адкрытым і закрытым. Закрыты — метадам гарызантальна-накіраванага бурэння — выкарыстоўваюць пад дарогамі, каб не парушаць рух транспарту. Каб вызначыць, дзе менавіта праходзяць электракабелі, электрамантажнікі выкарыстоўваюць спецыяльнае абсталяванне, што дазваляе зрабіць пракол у патрэбным месцы, не пашкоджваючы існуючыя сеткі.
Акрамя таго, вядуць работы па перакладцы цеплатрасы. Частка яе пойдзе па старым следзе, таму яе паднялі над зямлёй, а частку пусцяць па новым маршруце, для гэтага трубы укладваюць у ахоўныя латкі з жалезабетону[23].
На лініі выкарыстоўваюцца сучасныя вагоны Stadler M110/M111 вытворчасці беларуска-швейцарскага прадпрыемства «Штадлер-Мінск». Пасля адкрыцця першай чаргі на лініі працуюць чатырохвагонныя цягнікі. На лініі ёсць магчымасць выкарыстання і пяцівагонных цягнікоў.
22 сакавіка 2023 года завод «Метровагонмаш» і ДП «Мінскі метрапалітэн» падпісалі кантракт на пастаўку 7 чатырохвагонных электрацягнікоў «Москва», якія будуць перавозіць пасажыраў пасля ўводу ў эксплуатацыю другога ўчастка трэцяй лініі Мінскага метро[24][25].
Зноскі
↑Напісанне Зялёналужская не адпавядае правілам беларускай мовы.