Еўна (літ.: *Jaunė; ? — каля 1344) — жонка вялікага князя літоўскага Гедзіміна (1316—1341).
Біяграфія
Імя жонкі Гедзіміна называе толькі Хроніка Быхаўца, позняя і месцамі сумнеўная крыніца. Гісторыкі сумняюцца ў праўдзівасці імя, але і новыя выданні называюць ім пачынальніцу роду Гедзімінавічаў. Колькасць жонак Гедзіміна наогул дыскусійная, Раўданскі рукапіс (фальсіфікат Тэадора Нарбута) называе трох жонак — Віду з Курляндыі, Вольгу са Смаленска і «Еўну альбо Еву, таксама княжну рускую, дачку Івана Усеваладавіча, Полацкага князя, брата Вольгі, памерлай жонкі Гедзіміна». Хроніка Быхаўца нічога не кажа пра паходжанне Еўны. Некаторыя гісторыкі думаюць, што ў Гедзіміна былі дзве жонкі, адна з мясцовых паганцаў і Еўна, праваслаўная. Стывен Роўвел лічыць, што ў Гедзіміна была толькі адна жонка, з паганцаў, бо шлюб з польскай або рускай княжной мусілі б засведчыць сучасныя крыніцы. Таксама і на думку Я. Тэнгоўскага, Еўна была літоўскага паходжання і адзінай жонкай Гедзіміна, які ажаніўся з ёю яшчэ да заняцца вялікакняжацкага стальца.
Паводле Хронікі Быхаўца, неўзабаве па смерці Еўны («bo kniahinia Jewna umerla»), браты Альгерд і Кейстут незадаволеныя Яўнутам, пакінутым Гедзімінам пераемнікам, скінулі брата са стальца. Гэты эпізод інтэрпрэтуюць так, быццам Яўнут быў пад апекай маці. Калі інтэрпрэтацыя слушная, гэта сведчыць пра ўплывовасць Еўны.
Імя
У імені Яўнута, сына Еўны (Яўны), той жа корань Jaun-, што і ў адпачатнай форме імя яго маці — *Jaunė. Імя Яўнут (< Jaunutis) утворанае з дапамогай пашыральніка -ut-, які таксама ў імёнах тыпу Кейстут (< Kenstutis), Бірута (< Birutė).
Корань Jaun- ад літоўскага jaunas «малады», далей да індаеўрапейскага *i̯eu- «малады, юны»[5].
У старапрускім іменніку вядомыя мужчынскія імёны Jawne, Jawnutte, Jawne-gede і інш.[6]
У тапанімііі на тэрыторыі цяперашняй Беларусі захавалася таго ж кораня старалітоўскае імя Яўнель (< *Jaun-elis), ад якога назва Яўнелішкі каля Лынтупаў у Пастаўскім раёне.
Крыніцы
- ↑ Pas L. v. Jewna Iwanowna of Polock // Genealogics — 2003.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 510.
- ↑ R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 39.
Літаратура
| |
---|
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|