Даўгакрылыя, стрыжападобныя, свіргулепадобныя (Apodiformes) — атрад птушак. Уключае 3 сямействы: стрыжы, калібры, чубатыя стрыжы (Hemiprochidae). Больш за 420 відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў тропіках. На Беларусі трапляецца стрыж чорны (Apus apus).
Маса 1,6—140 г. Крылы доўгія і вузкія з пакарочанай плечавой косцю і кароткімі другараднымі махавымі пер’ямі, што забяспечвае хуткі манеўраны палёт. Большую частку дня праводзяць у паветры, на зямлі бездапаможныя, узляцець з роўнай паверхні не могуць. Тэмпература цела часова зніжаецца і птушкі ўпадаюць у здранцвенне. Нясуць 1-6 яек.