Палац быў кампазіцыйным цэнтрам Гарадніцы, галоўным фасадам выходзіў на плошчу і ўтвараў трапецападобны курданёр.
Аднапавярховы П-падобны ў плане мураваны будынак быў накрыты высокім вальмавым дахам з невялікамі мансардамі ў цэнтры бакавых крылаў і завяршаўся авальным у плане бельведэрам з купалам і скульптурнай выявай Цэрэры над галоўным уваходам.
Аздабленне фасадаў мела элементы стылю ракако, у каларыстычным вырашэнні — спалучэнне зялёнага колеру сцен, белых ляпных дэталей, чырвонай дахоўкі. Парадныя залы былі аздоблены плафонамі з размалёўкай і мармуровымі разнымі камінамі з карскага мармуру.