Вікінт (літ.: Vykintas; памёр каля 1253) — князь жамойцкі, дзядзька (па маці) Таўцівіла і сапернік вялікага князя літоўскага Міндоўга.
Імя Вікінт — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[1].
Першая аснова Vy- звязаная з ад індаеўрапейскім *ṷei- : ṷī- «пераследаваць, гнаць; імкнуцца», ад якога літоўскае vyti, vajoti «гнаць», vainoti «лаяць» (ранейшае значэнне — «ваяваць, змагаць»)[2].
Другая аснова Kint- роднасная асновам Kant-, Kent-, усе яны звязаныя з літоўскім kantrus «цярплівы, трывалы», kentėti «цярпець, трываць», žiem-kintys «зімаўстойлівы» (гняздо kant- : kent- : kint-), ад індаеўрапейскага *kṷenth- «цярпець»[3].
Імя Вікінт значыла «Ваяўнічы і трывалы», і гэта адпавядала каштоўнасцям княска-ваярскага раннелітоўскага асяроддзя[4].
Упершыню Вікінта згаданы ў 1219 годзе (паводле датавання летапісу — 1215), калі разам з іншымі літоўскімі князямі падпісаў мірны дагавор з Галіцка-Валынскім княствам[5].
Ёсць гіпотэза, што Вікінт мог камандаваць жамойцкім войскам у Саўлеўская бітва ў 1236 годзе[6], калі Ордэн Мечаносцаў пацярпеў паражэнне і вымушаны быў неўзабаве далучыцца да Тэўтонскага.
У 1248 годзе Міндоўг паслаў Вікінта і сваіх пляменнікаў (па бацьку) Таўцівіла і Едзівіда вайной на Смаленск. Спачатку паход развіваўся ўдала, але ў 1249 годзе ў бітве каля Зубцова літоўскае войска пацярпела паражэнне. Даведаўшыся пра гэта, Міндоўг вырашыў адабраць уладанні князёў. Вікінт, Таўцівіл і Едзівід вымушаны бегчы да швагра Таўцівіла і Едзівіда галіцка-валынскага князя Данілы Раманавіча.
У 1250 годзе сапернікам Міндоўга ўдалося стварыць моцную кааліцыю, куды ўвайшлі войскі Лівонскага ордэна і Галіцка-Валынскага княства[7], адбыліся два паходы, адзін на Нальшу, другі на Варуту, у апошняй абараняўся сам Міндоўг[8].
Тым не менш, Міндоўг здолеў разладзіць кааліцыю скіраваную супраць яго. Ён вывеў з вайны Ордэн, прыняўшы хрышчэнне і аддаўшы зямлі паўночных балтыйскіх плямёнаў (куршаў, земгалаў і іншых) у рукі крыжакоў[9]. У 1252 годзе Міндоўг перайшоў у контрнаступленне і аблажыў сталіцу Вікінта Тверы (літ. Tverai, у хроніках «Тверымет»), але няўдала. Неўзабаве Міндоўгу падпісаў мір і з Данілам Галіцкім, паводле якога сын апошняга, Шварн Данілавіч узяў у жонкі дачку Міндоўга.
Каля 1253 года Вікінт памёр, Таўцівіл быў вымушаны зноў бегчы да Данілы Галіцкага, кааліцыя распалася, а Міндоўг прыняў тытул караля Літвы.