ВКЛ імкнулася вярнуць захопленую ордэнам Жамойць, Польскае каралеўства — Памор’е і маркграфства Новую Марку, пакінуць за сабой Добжынскую зямлю. Абедзве дзяржавы хацелі разграміць узброеныя сілы ордэна. Крыжакі імкнуліся захаваць за сабой гэтыя землі асабліва Жамойць. Жамойць якая злучала паморска-прускія і лівонскія ўладанні ордэна. Вайне папярэднічала актыўная дыпламатычная дзейнасць. Ордэн, ахвяраваўшы буйныя грашовыя сумы заручыўся падтрымкай чэшскага караля Вацлава і венгерскага караля Жыгімонта. ВКЛ 14 верасня1408 заключыла мір з Маскоўскім вялікім княствам, чым забяспечыла сябе тыл. Крыжакі і саюзнікі праводзілі прапагандысцкую кампанію і вербавалі наймітаў па ўсёй Еўропе. 31 мая 1409 у Жамойці выбухнула паўстанне супраць ордэна, неафіцыйна падтрыманае вялікім князем ВКЛ Вітаўтам. Ваенныя дзеянні пачаліся 16 жніўня1409, калі войскі ордэна напалі на польскія гарнізоны ў Добжынскай зямлі. У час ваеннай кампаніі 1409 крыжакі захапілі Добжынскую зямлю, у Новай Марцы разбілі паспалітае рушэнне, войскі ВКЛ уступілі ў Жамойць і выгналі адтуль ворага, палякі вярнулі Быдгашч. 8 кастрычніка 1409 Польшча пры пасрэдніцтве караля Вацлава заключыла з ордэнам перамір'е «да заходу сонца» 24 чэрвеня 1410, паводле якога абодва бакі захоўвалі ўладанні на час падпісання пагаднення, палякі абавязваліся не дапамагаць жамойтам і іх саюзнікам. Перамір'е не тычылася ВКЛ, аднак ордэн актыўных дзеянняў супраць княства не пачаў. 8-9 снежня 1409 у Брэсце адбылася тайная нарада, на якой польскі кароль Ягайла і Вітаўт разгледзелі і ўзгаднілі стратэгічна-тактычныя пытанні летняй кампаніі 1410 (Гл.далей: Берасцейская сустрэча). У маі 1410 году Ордэн заключыў перамір'е з ВКЛ да 24 чэрвеня. Вітаўту ўдалося да канца лета нейтралізаваць войскі лівонскай правінцыі Ордэна, што значна паўплывала на ход ваенных дзеянняў (лівонскія войскі з'явіліся на прускім тэатры вайны толькі ў канцы жніўня). Паказаўшы сябе выдатнымі военачальнікамі Ягайла і Вітаўт шляхам складаных перамяшчэнняў увялі ворага ў зман, прымусілі Ордэн рыхтавацца да нападу з розных бакоў і вылучыць значныя сілы на абарону межаў у розных месцах. Войскі саюзнікаў рушылі на сталіцу ордэна Мальбарк, прымусілі крыжакоў даць генеральную бітву, у выніку якой тэўтонская армія пацярпела поўнае паражэнне (Гл.далей: Грунвальдская бітва). Ордэнская дзяржава выратавалася дзякуючы рашучым дзеянням комтура Генрыха фон Плаўэна, які здолеў апярэдзіць саюзнікаў, першы дабраўся да сталіцы і арганізаваў яе абарону. Аблога Марыенбурга (Мальбарка) (25 ліпеня — 19 верасня 1410) скончылася беспаспяхова. Ваенныя дзеянні працягваліся з перапынкамі на перамір'е. Вялікая вайна скончылася Торунскім мірам1411, паводле якога ўсе гарады і замкі, захопленыя ў час вайны, вярталіся ўладальнікам, Жамойць перадавалася ВКЛ, а пасля смерці Вітаўта — ордэну, Добжынская зямля пакідалася за Польшчай. Перамога саюзнікаў моцна падарвала магутнасць Тэўтонскага ордэна і спыніла яго агрэсію на ўсходзе.